Праезд падаражэў ва ўсіх рэгіёнах. Застаўся толькі Менск



Праезд у гарадскім і прыгарадным пасажырскім транспарце падаражэў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Апошнімі такое рашэнне прынялі ўлады Магілёўскай вобласці.

Як і па ўсёй краіне, тарыфы выраслі там на 5 капеек. Кошт на талончык у транспарце звычайных і хуткасных маршрутаў складзе 55 капеек, на экспрэс-маршрутах — 60, а пры набыцці ў кіроўцы — 65 капеек.

Выключэннем застаецца Менск, дзе талон на праезд у наземным транспарце каштуе 60 капеек, а жэтон у метро — 65 капеек.

Апошнім разам тарыфы на праезд у транспарце ў рэгіёнах пераглядалі ў кастрычніку мінулага года. Тады кошт аднаго талончыка склаў 50 капеек. Першымі тарыфы паднялі транспартнікі Менскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей, нагадвае TUT.by.

У Менску падвышэнне коштаў на праезд павінны разгледзець на пасяджэнні Менгарвыканкама. Разгляд гэтага пытання анансаваў 27 лістапада новы кіраўнік горада Анатоль Сівак. Ён адзначыў, што варта “вывучыць абгрунтаванасць такога крока”.

Беларусы зараз кампенсуюць каля 70% выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце, астатнія выдаткі нясе дзяржава. Прычым у Менску ровень кампенсацыі выдаткаў насельніцтвам складае 62%, а ў абласных цэнтрах — 83%.