Мне сніцца музей Багдановіча



Мне сніцца музей Багдановіча. Сніцца па-рознаму. Раскажу спачатку пра жахлівы сон. Час цяперашні, я з 1998 года я не працую ў музеі,  а мне кажуць: “Вядзі экскусрсію!” Разумею, што ўсе ведаю, выходжу на экспазіцыю – а там зусім не тое, як  было, там рознаўрозневае ўсё – лесвіцы, пераходы, спускі, пад’ёмы, партрэты невядомых. І незразумела, дзе пачатак. Вазы з букетамі і жанчыны ў форме, падобную на міліцэйскую.Сон, варыянт другі, – на экспазіцыі ўсё, як раней, але людзі на фотаздымках рухаюцца, старонкі кніг варушацца і дзіўны ветрык, невядома адкуль, а экскурсантаў няма, усё, што я гавару – я гавару сама сабе.  

Ёсць іншыя сны, дзе ўсё жывое і добрае, ёсць сны ўспаміны, сны згадкі, сны, якія вяртаюць у тую рэадбнасць – з гукамі, адчуваннямі, водарамі.

Белы снег на тэракотавых дахах Траецкага прадмесця, водар снегу.

Крыкі кірляў над Свіслаччу.

Сумесь водараў кавы, старых кніг і старой мэблі.   

Адучуванне сумесі воску і скіпідару, якім мы з Алесем Бяляцкім нашаравалі парэнчы, якія вядуць з падваллу да экспазіцыі, гэта тая парадная лесвіца, дзе люстра “Вянок”.

Дым ад цыгарэтаў у сутарэннях – тады там курылі.

Адчуванне дотыкаў да пластмасавых выключальнікаў у шчытку – па адным я ўключаю святло ва ўсіх музейных пакоях, калі прыходжу на дзяжурства і змяняю начнога вартаўніка. Гэта час, калі ты ў музеі адна – хвілін 40 – ён самы незвычайны. Правяраеш, ці ўсё ў парадку на экспазіцыі. Не асабліва ўглядаешся ў вочы на фотаздымках – старэйшыя калегі папярэджвалі – не трэба глядзець у вочы на старых фотаздымках.

Важкі ключ ад паштовай скрыні –  адчыняю вялікую паштовую скрыню на сцяне, на адрас музея ідзе штодзя шмат лісто- не толькі ў музей, але і ў газету “Свабода”, якая арэндуе пакой – першы злева ад службовага ўваходу.

Абрысы Верхняга гораду – бачныя праз вакно, дзе месцілася музейная “кухня” і пілі гарбату – гэта другі паверх пераход паміж двума будынкамі, з якіх складаўся музей. Верхні горад з гэтых вокнаў. Вежы Катэдральнага касцёла выраслі за час маёй працы ў музеі. У 1990 годзе гэта – квадратная будыніна – спартовыая залы. А пасля з’явілася тое пра што марылася – вежы касцёла.  Часам я думала так – вежы касцёла з’явіліся незалежна ад таго, марыла я пра іх ці не – хаця гэта было ўвасабленне маіх мараў яшчэ 1986 года, каля я хадзіла каля яго з 4 інтэрната на Машэрава на філфак. З вакна музейнай кухні ў ранішнім тумане новыя вежы касцёла выглядалі, як сімвал перамогі Веры над Бязвер’ем, яны давалі надзею на адбудову ўсяго, чаго не хапала.  

Музей у стадыі пабудовы таксама дарыў надзею на адраджэнне і развіццё культуры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ