Сямашка: Цяжкасці вяртання даўгоў ад экспартных паставак



Пытанне ўтварэння і назапашвання даўгоў ад беларускіх экспартных паставак знаходзіцца найперш у кампетэнцыі кіраўнікоў тавараправодных сетак і залежыць ад іх добрасумленнасці, заявіў пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка 8 снежня ў Маскве на нарадзе з кіраўнікамі суб’ектаў тавараправоднай сеткі (ТПС) беларускіх прадпрыемстваў, паведамляе прэс-служба пасольства.

Ён таксама адзначыў недастатковасць прыманых імі для вяртання даўгоў мер, якія часта абмяжоўваюцца накіраваннем звароту аб садзейнічанні ў пасольства як у асноўную „выратавальную” інстанцыю. Пры гэтым дыпмісія знаходзіць належнае разуменне і рэагаванне з боку Генпракуратуры Расеі, але яна не выконвае функцыі арбітражнага суда ў працэсе банкруцтва або пошуку даўжніка.

Пасол звярнуў увагу на неабходнасць папераджальнай працы на стадыі заключэння дагавораў, маніторынгу выканання ўсіх этапаў дамоўных абавязацельстваў, своечасовага звароту ў судовыя інстанцыі, настойлівага суправаджэння ходу выканаўчай вытворчасці. „Гэта тыя мінімальныя дзеянні, якія неабходныя, каб пазбегнуць безнадзейных даўгоў”, — падкрэсліў Сямашка. Ён таксама нагадаў пра вялікае адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй — больш за 7 млрд долараў, — мінімізаваць якое ёсць прамое даручэнне кіраўніка дзяржавы.

Як звярнуў увагу віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка, на долю Расеі прыпадае палова ўсяго беларускага тавараабароту, тут жа размешчана больш за палову (131 з 252) суб’ектаў ТПС з доляй беларускага капіталу. Сярод асноўных прычын узнікнення праблем, звязаных з невыкананнем партнёрамі кантрактных абавязацельстваў, ён назваў у тым ліку ўнутраныя недапрацоўкі: „Многія беларускія экспарцёры не правяраюць належным чынам новых контрагентаў, адсутнічае належны маніторынг фінансавага становішча партнёра на стадыі выканання кантрактаў”.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер адзначыў, што „ёсць і станоўчыя моманты”. Так, на 1 кастрычніка 2018 года пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць у гандлі з Расеяй знізілася ў параўнанні з пачаткам года амаль на 7%, а ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года — на 10,5%.

Мерапрыемства праходзіла пад старшынствам генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка з удзелам Ігара Ляшэнкі, Уладзіміра Сямашкі, міністра прамысловасці Паўла Уцюпіна, прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. На сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі размешчаных на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі суб’ектаў ТПС (з беларускім капіталам) беларускіх арганізацый-экспарцёраў (гандлёвыя дамы, афіцыйныя дыстрыб’ютары, прадстаўніцтвы, буйныя дылеры).

belapan.by