Менск занепакоены гандлёвай вайной з Расеяй
Праблемныя пытанні дачыненняў Расеі і Беларусі абмеркаваў з еўрапейскімі дыпламатамі Уладзімір Макей. Напярэдадні ў Менску прайшла сустрэча кіраўніка беларускага дыпламатычнага ведамства з амбасадарамі краінаў ЕЗ. У афіцыйным паведамленні гаворыцца пра абмен меркаваннямі наконт праблемных пытанняў дачыненняў Расеі і Беларусі ды развіцця еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. Нягледзячы на лаканічнасць паведамлення, гэтая сустрэча можа сведчыць пра сур’ёзную занепакоенасць Менска развіццём гандлёвай вайны з Расеяй, кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:
– Сам факт вось такіх кансультацый можа сведчыць пра тое, што афіцыйны Менск вельмі занепакоены развіццём падзей. Я мяркую, – а хутчэй за ўсё так і ёсць – пытанні тычацца не толькі таго, што нам гавораць, напрыклад, мытных пытанняў і г.д.
Гандлёвае эмбарга на пастаўкі многіх сельскагаспадарчых прадуктаў з Беларусі Расея ўвяла яшчэ ў лістападзе. Пытанні паставак дагэтуль неўрэгуляваныя. Тым часам ужо некалькі дзён Беларусь ажыццяўляе мытны кантроль тавараў, якія перамяшчаюцца праз беларуска-расейскую мяжу.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота neftegaz.ru