Зварот Ірыны Стомы да Аляксандра Лукашэнкі



Ірына Стома з Язна Мёрскага раёна звяртаецца з адкрытым зваротам да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. На гэты апошні крок яна рашылася праз 5 гадоў пасля смерці сына Аляксандра Стомы. Яго, па яе словах, хутчэй за ўсё забілі, а потым ўтапілі ў возеры Пятроўскае, што на Глыбоччыне. Але следчыя сцвярджаюць, што ён утапіўся сам. Справа была распачатая толькі на падставе знікнення хлопца, якога шукалі некалькі месяцаў.

Як сцвярджае Ірына Стома, да смерці яе сына былі датычныя маладыя людзі, якія былі з ім у той дзень у кампаніі. Адзін з іх з’яўляўся родзічам былога кіраўніка Следчага камітэта Беларусі, таму справа не была разгледжана аб’ектыўна.

У верасні 2017 года прыязджаў адзін з кіраўнікоў абласнога камітэта судовай экспертызы. Я задала яму пытанне: «Як можна было рабіць заключэнне з такім парушэннем, калі ўсё адзенне сына ў крыві? Навошта гэтая хлусня?» На што ён сказаў: «Сына вы ўсё роўна не вернеце. Якая розніца, памёр ён праз патапленне ці вялікую страту крыві?» Напрыклад, для мяне гэта мае значэнне. Як гэта так? Ёсць жа вінаватыя. А калі вінаватых няма, то чаму ўсё так накручана на ўсіх узроўнях. Я прайшла ўсё: абласны камітэт, рэспубліканскі следчы камітэт, два разы пісала на імя Наскевіча, у Генеральную пракуратуру дэпутаты звярталіся. Я сёння не маю адказу, а хачу яго атрымаць: што здарылася з маім сынам? Чаму столькі хлусні на самых высокіх узроўнях?

Аляксандр Стома пайшоў з жыцця заўчасна ў 24 гады. Ён быў адзіным познім дзіцём у Ірыны. Працаваў ветурачом у Глыбоцкай раённай ветэрынарнай станцыі і завочна вучыўся на юрыста.

Беларускае Радыё Рацыя