Праваабаронцы з усёй Беларусі сабраліся ў Гомелі (абноўлена)



Праваабаронцы з усёй Беларусі сабраліся ў Гомелі з нагоды 70-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН, якія былі адрасаваныя беларускай дзяржаве.

Паводле рэгіянальнага каардынатара Праваабарончага цэнтра “Вясна” Андрэя Стрыжака, падчас 124-й сесіі КПЧ ААН, якая праходзіла нядаўна ў Жэневе, эксперты ААН прадэманстравалі высокую ступень абазнанасці ў беларускіх рэаліях:

– Гэта абсалютна пагружаныя ў беларускую тэму юрысты, бо яны працуюць увесь час з тымі скаргамі, якія падаюць беларусы на парушэнне правоў чалавека з боку ўладаў Беларусі. Сярод праваабаронцаў, якія вельмі шчыльна працуюць з Камітэтам па правах чалавека ААН, Павал Левінаў з Віцебска і Леанід Судаленка, які атрымаў зараз прэмію Французскай Рэспублікі за праваабарону. І таму яны ў тэме таго, што адбываецца. Яны ведаюць сістэмны характар парушэнняў, напрыклад, права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання думкі.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ўзнікла, каб не дапусціць паўтарэння сусветнай вайны”, – гаворыць магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

Дэкларацыя – гэта мяккае права, але калі яна прымалася (а прымалася яна адразу пасля вайны), то па прынцыпе «ніколі больш»: каб ніколі больш не дапусціць Сусветнай вайны. Менавіта таму, калі прааналізавалі, чаму былі дзве Сусветныя вайны, яны зразумелі, што гэта адсутнасць свабоды слова, масавых мерапрыемстваў, усіх правоў чалавека.

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была ўхваленая 10 снежня 1948 года ў Парыжы. У дакуменце адлюстраваныя базавыя грамадзянскія, палітычныя і сацыяльна-эканамічныя правы чалавека, якія сталі асновай для Канстытуцый многіх дзяржаваў. Над дакументам працавала група вядомых асобаў, у тым ліку жонка прэзідэнта ЗША Элеанора Рузвельт, канадскі юрыст-міжнароднік Джон Хамфры, будучы нобелеўскі лаўрэат Рэнэ Касэн, кітайскі драматург Чжан Пэнчунь, філосаф Шарль Малік.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель