Заходнія банкі выдзеляць „Белінвестбанку” 50 млн еўра



ААТ „Белінвестбанк”, якое дзяржава плануе прыватызаваць, атрымае ад групы заходніх банкаў крэдыт 50 млн еўра, паведаміў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР).

ЕБРР выступіў арганізатарам гэтага крэдытнага пагаднення. Дзякуючы крэдыту, гаворыцца ў паведамленні ЕБРР, сотні сярэдніх, малых і мікрапрадпрыемстваў Беларусі атрымаюць доўгатэрміновыя крэдыты.

Як паведамляе ЕБРР, крэдыт выдзяляецца па схеме A/B і складаецца з „Крэдыту A” (да 15 млн еўра), які выдаецца з уласных сродкаў ЕБРР, і „Крэдыту Б” (да 35 млн еўра). Апошні будзе атрыманы ад міжнародных фінансавых устаноў Германіі, Люксембурга, Партугаліі, ЗША і Швейцарыі, „якія праявілі значную цікавасць да здзелкі”, адзначылі ў ЕБРР.

Паводле дадзеных ЕБРР, гэта будзе першай за амаль восем гадоў міжнароднай A/B-трансакцый такога роду для крэдытнай арганізацыі Беларусі.

„Гэты крэдыт з’яўляецца часткай перадпрыватызацыйнай падтрымкі, якую ЕБРР аказвае „Белінвестбанку” ў адпаведнасці з мемарандумам аб узаемаразуменні 2015 года, падпісаным паміж Рэспублікай Беларусь і банкам”, — гаворыцца ў паведамленні ЕБРР.

На думку ЕБРР, прыцягненне знешняга фінансавання будзе спрыяць далейшай дыверсіфікацыі рэсурснай базы „Белінвестбанка” і будзе садзейнічаць яго далейшай камерцыялізацыі.

Нагадаем, у 2015 годзе ЕБРР і ўрад Беларусі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні датычна прыватызацыі „Белінвестбанка”. Дакументам, у прыватнасці, прадугледжана, што да 2020 года ў банк прыйдзе стратэгічны інвестар.

Пры гэтым ЕБРР можа набыць 25% акцый „Белінвестбанка”, каб сумесна з урадам і Нацбанкам завяршыць перадпродажную падрыхтоўку беларускага банка. У далейшым можа адбыцца адчужэнне акцый — і гэтых 25%, і дадатковых — на карысць стратэгічнага інвестара „Белінвестбанка”.

Варта адзначыць, што Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця можа ўжо ў 2018 годзе стаць акцыянерам „Белінвестбанка”.

„Як вы ведаеце, мы ўжо некалькі гадоў працуем над павышэннем эфектыўнасці працы „Белінвестбанка”, паляпшэннем яго якасці актываў. Цяпер падышоў час нашага ўваходжання ў акцыянерны капітал гэтага банка, і мы спадзяемся, што гэта адбудзецца да канца 2018 года”, — сказаў віцэ-прэзідэнт ЕБРР Алан Пію, адказваючы ў чэрвені гэтага года падчас прэс-канферэнцыі на пытанні БелаПАН.

belapan.by

Фота Myfin.by