“Вечнасць і момант” – выстава пра польскую архітэктуру міжваеннага перыяда



11 снежня 2018 г. а 17-й гадзіне ў выставачнай зале Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта адбудзецца вернісаж выставы “Вечнасць і момант. 1918-1939 – Польшча моцная архітэктурай”, якая падрыхтавана Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, Фондам “Цэнтр Архітэктуры”, Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча у Берасці і Польскім Інстытутам у Менску ў супрацоўніцтве з Берасцейскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам.

Назва выставы “Вечнасць і момант” была запазычана з прамовы Леха Немаеўскага (1894-1952), вядомага польскага архітэктара, прапагандыста мадэрнізму, а таксама пільнага даследчыка польскай старажытнай архітэктуры. Яго словы трапна акрэсліваюць патэнцыял і стабільнасць незалежнай Другой Польскай Рэспублікі, а таксама той кароткі перыяд, калі ўвасаблялася амбіцыйнае бачанне сучаснай, дынамічнай дзяржавы. Высокая планка польскай архітэктуры перыяду 1918-1939 – гэта не толькі інавацыйныя, высокатэхналагічныя будынкі, але і ўнікальная рэкламная стратэгія, якая выкарыстоўвала макеты, фотаздымкі і фотамантаж.

Выбар аб’ектаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца падсумаваннем спосабаў прэзентацыі дзяржавы, адроджанай пасля 123 гадоў няволі, з гледзішча мадэрнісцкай архітэктуры. Бо нельга казаць аб архітэктуры міжваеннага дваццацігоддзя без яе фатаграфічнай дакументацыі, выкананай найлепшымі польскімі фатографамі. Будаўнічае мастацтва не існуе без урбаністыкі, а добрая ўрбаністыка – гэта, у сваю чаргу, сучасная эканоміка. Сабраныя ў экспазіцыі прыклады толькі ў некаторай ступені даюць уяўленне пра архітэктурную тапаграфію Другой Польскай Рэспублікі, і гэта ўсяго некалькі кропак на густа запоўненай архімапе. Уверцюра да сімфоніі наватарскіх ідэй і паспяхова рэалізаваных далёкасяжных планаў.

На выставе можна пазнаёміцца з выбранымі праектамі архітэктурнай тапаграфіі Другой Польскай Рэспублікі, якія знаходзяцца ў Варшаве, Гдыні, Кракаве, Парыжы, Мілане, але таксама – у Берасці, Гародні, Кобрыні, Баранавічах і Наваградку. Архітэктурныя помнікі сённяшняй Беларусі, прадстаўленыя на выставе, распавядуць аб спецыфіцы будаўніцтва польскага перыяду і польскіх архітэктарах, якія працавалі ў той час у Заходняй Беларусі.

На адкрыцці выставы можна будзе пачуць навуковы каментар доктара тэхнічных навук у галіне архітэктуры і ўрбаністыкі Міхала Пшчулкоўскага з Акадэміі мастацтваў ў Гданьску, аўтара манаграфіі «Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921–1939» («Сучасныя Крэсы. Архітэктура на ўсходніх землях Другой Рэчы Паспалітай 1921–1939»), за якую ў 2017 г. аўтар атрымаў Узнагароду імя Оскара Халецкага ў X конкурсе “Гістарычная кніга года”. У 2008-2010 гадах ён быў аўтарам канцэпцыі і галоўным каардынатарам праекта Exploseum ў г. Быдгашч (адаптацыя вытворчай лініі нітрагліцэрыну на фабрыцы DAG Fabrik Bromberg для музейных і турыстычных мэтаў). Праект Exploseum быў удастоены ўзнагароды Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны РП і прызнаны Музеем-падзеяй SYBILLA 2011 года ў катэгорыі выстава тэхнікі.

Выстава будзе працаваць да  18 снежня 2018 года.

Адрас: Выставачная зала Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, вул. Маскоўская, 267, ІІ паверх галоўнага корпусу.

Уваход вольны.

Паводле прэс-рэлізу