Алег Волчак: Улада сама выгадавала гэтага спрута
Кіраўнік “Прававой дапамогі насельніцтву” Алег Волчак распавёў пра тое, ці зробяць у Беларусі больш жорсткае заканадаўства ў дачыненні да карупцыянераў.
Не так даўно беларускі кіраўнік абурыўся, што многія карупцыянеры атрымліваюць тэрміны зняволення, але ў хуткім часе выходзяць на волю за добрыя паводзіны. І паабяцаў, што такога больш не будзе.
“За карупцыю толькі дадаваць будзем, – заявіў Лукашэнка. – Патрапілі ў турму на 20 гадоў – яшчэ 10 дадамо”.
Алег Волчак: Я ўжо даўно казаў, што ў дачыненні да карупцыянераў павінна быць больш жорсткае заканадаўства, бо такія злачынствы найперш шкодзяць нацыянальнай бяспецы. Можна, напрыклад, успомніць гучную “справу медыкаў”, калі грамадскасць даведалася, як “бедныя” кіраўнікі розных медыцынскіх устаноў захоўваюць дома па некалькі сот тысяч даляраў.
РР: Карупцыянераў адпраўляюць за краты, але колькасць карупцыйных злачынстваў, як мне падаецца, не змяншаецца. Чаму?
Алег Волчак: Многія не баяцца браць хабар, таму што разумеюць, што вярхоўная ўлада залежыць ад іх. Чыноўнікі забяспечваюць працоўныя месцы, забяспечваюць паступленні ў бюджэт, праводзяць выбары.
Мы неаднарозава казалі таксама, што ў Беларусі існуе “кланавая” карупцыя, калі чыноўнік вышэйшага рангу дапамагае ў пэўных пытаннях ніжэйшым чыноўнікам. Гэта самы сапраўдны спрут, які ўлада сама і выгадавала. Таму мы пастаянна чуем пра новыя і новыя карупцыйныя справы.
Мне падаецца, што ў такой сітуацыі МУС павінна больш працаваць на папярэджанне карупцыі. Але пакуль што маем тое, што маем. І страху ў чыноўнікаў перад магчымымі крымінальнымі справамі няма. Тым больш, што многія і на самой справе атрымліваюць тэрміны зняволення, але праз нейкі час трапляюць пад памілаванне і выходзяць на волю. І размова ідзе не толькі пра вышэйшых чыноўнікаў, але і тых, хто патрапіў пад пераслед з раённай “вертыкалі”. Таму тое, што заканадаўства ў гэтым кірунку трэба зрабіць больш жорсткім, гэта адназначна. Хаця, на мой погляд, дэпутаты не вельмі гараць жаданнем прымаць такі закон. Там жа таксама пеправажным чынам сядзяць чыноўнікі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Беларуская Праўда