МАРГ працягне маніторынг працы магазінаў нізкіх цэн



Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) працягне правядзенне сумесна з іншымі ведамствамі маніторынгу працы магазінаў нізкіх цэн, паведаміў начальнік аналітычнага ўпраўлення МАРГ Павел Філіпаў 10 снежня ў Мінску на арганізаваным РГА „Перспектыва” форуме прадпрымальнікаў.

Рашэнне аб маніторынгу гандлёвых аб’ектаў, якія рэалізуюць адзенне па зніжаных цэнах з Сярэдняй Азіі, з удзелам прадпрымальнікаў было прынятае паводле вынікаў сустрэчы старшыні „Перспектывы” Анатоля Шумчанкі і ІП з рэгіёнаў з кіраўніцтвам МАРГ 10 ліпеня. МАРГ паведаміў, што даныя маніторынгу будуць перадавацца ў МПЗ, Міністэрства аховы здароўя і іншыя ведамствы. „Перспектыва” звярнулася да прадпрымальнікаў з просьбай паведамляць адрасы крамаў, дзе заўважаныя парушэнні ў працы.

Паводле слоў Філіпава, правераныя больш за 50 гандлёвых аб’ектаў, якія належаць 40 суб’ектам гаспадарання. Ва ўсіх з іх выяўленыя парушэнні заканадаўства, у тым ліку тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС. „Прыблізна ў 70% адзначаныя парушэнні пры прыёме наяўных грашовых сродкаў, у працы касавага абсталявання. Забароненая рэалізацыя прадукцыі больш як на 110 тысяч рублёў. Пачатыя 25 адміністрацыйных працэсаў”, — адзначыў прадстаўнік міністэрства.

„Мы працягнем працу ў снежні. І ў студзені будзем уносіць матэрыялы ва ўрад з прапановай аб узмацненні адказнасці за некаторыя парушэнні”, — дадаў ён.

belapan.by

Фота Sputnik Беларусь