У вёсцы Межава рака стала каналізацыйнай
Вёска Межава ў Аршанскім раёне мае насельніцтва ў 1 тысячу жыхароў. У пачатку 2000-х гадоў улады ператварылі яе ў аграгарадок, аднак зрабіць ачышчальныя збудаванні не здолелі.
Цяпер мясцовая рака Скуп’я вельмі забруджаная, што ўбачыў па прыбыцці ў вёску наш карэспандэнт Кастусь Багушэвіч:
– Яшчэ тады, калі ўлады абвясцілі тут пра стварэнне аграгарадка, была зробленая небходная дакументацыя для ачышчальных збудаванняў. Нічога так і не пабудавалі, а мясцовая каналізацыйна-помпавая станцыя, якая хоць неяк спраўлялася з адкідамі, цяпер не працуе. Калісьці эксперыментальная база ”Межава” зрабіла ў вёсца паліфільтрацыі. Аднак яны не ў стане дапамагчы. У самым цэнтры побач з царквой, сельсаветам і былым спіртзаводам межаўская каналізацыя выцякае наўпрост у возера і раку Скуп’я, якая затым упадае ў Аршыцу, што нясе воды ў Дняпро. І гэта не найвялікшае месца адкідаў. У гэтай частцы Межава прысутнічае характэрны пах.
Акрамя таго, у цэнтры вёскі знаходзіцца адкрыты рэзервуар з рэчывам, якое нагадвае мазут, што таксама можа несці небяспеку для экалогіі мясцовасці. У найбліжэйшы час у Аршанскі райвыканкам будзе накіраваны зварот, звязаны з кепскім экалагічным станам Межава.
Беларускае Радыё Рацыя, Межава, Аршанскі раён