Беларусь па бязвізавым рэжыме цераз аэрапорт наведалі амаль 180 тысяч чалавек
Згодна са звесткамі на 29 лістапада, з 2017 года ў Беларусь па бязвізавым рэжыме цераз нацыянальны аэрапорт Мінск уехала 178.640 чалавек з 70 краін. Пра гэта было паведамлена 11 снежня на пасяджэнні круглага стала ў камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы.
Часцей за ўсё бязвізавым парадкам уезду карысталіся грамадзяне Германіі (28.526 чалавек), Польшчы (16.437), Італіі (15.644), Вялікабрытаніі (12.516) і ЗША (12.105).
Паводле даных Дзяржпагранкамітэта, за дзевяць месяцаў 2018 года Беларусь наведалі 3 млн 620 тыс. 643 замежных грамадзяніна (за аналагічны перыяд 2017 года — 3 млн 328 тыс. 277). Сярэдняя працягласць знаходжання арганізаваных турыстаў у краіне складае чатыры дні.
Экспарт турыстычных паслуг у Беларусі за студзень-верасень гэтага года склаў 170,9 млн даляраў (рост на 14,3% да аналагічнага перыяду 2017 года), сальда знешняга гандлю турыстычнымі паслугамі — 116,7 млн даляраў.
Бязвізавы рэжым для грамадзян і падданых 80 дзяржаў быў уведзены 12 лютага 2017 года. Тыя, хто прыбываў цераз менскі аэрапорт, мелі права знаходзіцца ў краіне без візы пяць сутак. 24 ліпеня 2018 года гэты тэрмін быў павялічаны да 30 дзён.
belapan.by