Канец эпохі?



На мінулым тыдні амаль незаўважна прайшлі чарговыя ўгодкі віскулёўскіх пагадненняў. 27 гадоў таму на тэрыторыі Беларусі было падпісана пагадненне, якое ліквідавала Савецкі саюз як геапалітычную рэальнасць. Пасля вельмі хутка прайшоў так званы “парад суверэнітэтаў” і, здавалася, старая эпоха незваротна зышла ў нябыт і наступіла новая эра. У Беларусі прыйшоў час нацыянальнага адраджэння і час не касметычнай гарбачоўскай перабудовы, а грунтоўнага пераўладкавання дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. Так яно і было ў некаторай ступені. Аднак літаральна праз некалькі гадоў цяжкага, але паступальнага развіцця, пасля першых (і, як выявілася пазней, рэальна апошніх) прэзідэнцкіх выбараў 1994 года наступіў рэванш камуністычна-прарасейскіх сілаў. Ён пацягнуў краіну назад у балота васальнай і амаль поўнай залежнасці фармальна суверэннай Беларусі ад Масквы.

Не лепшым чынам сітуацыя развівалася і ў бальшыні іншых савецкіх сацыялістычных рэспублік. З іх, бадай, адна маленькая Эстонія можа служыць выразным пазітыўным прыкладам. Гэтая краіна здолела правесці структурныя маштабныя рэформы і пабудаваць дзяржаву, якой можна калі не ганарыцца, то быць задаволенай. У гэтай дзяржаве пільнуюцца і нацыянальныя інтарэсы і не забыты маленькі чалавек працы. Той, хто хоча там працаваць, мае ўсе шанцы на годнае жыццё. У Латвіі і Літве куды больш складаней, але жыццё грамадзян у цэлым досыць годнае, там таксама функцыянуюць асноўныя механізмы дэмакратыі і рынкавыя законы. Украіна, Грузія, Арменія, Кыргызстан, перажыўшы за гэты час па некалькі рэвалюцый, часам аксамітных, часам з ахвярамі, ніяк не могуць выбрацца з гаспадарчага крызісу, адолець карупцыю і іншыя ключавыя заганы сучасных дзяржаў, некаторыя выйсці з-пад расейскага ўплыву. Малдова таксама працягвае перажываць востры палітычны крызіс, праблемы самавызначэння і заставацца ледзь не сама беднай краінай Еўропы, а можа і сама беднай.

У астатніх сямі былых савецкіх рэспублік, сярод якіх Беларусь, Расея і яшчэ пяць мусульманскіх краін (Туркменістан, Узбекістан, Таджыкістан, Казахстан, Азербайджан) пануюць альбо безнадзейны таталітарызм альбо аўтарытарныя рэжымы з тэндэнцыяй таксама да поўнай дыктатуры. У Казахстане, прыкладам, яшчэ з часу СССР амаль ужо 30 гадоў нязменна кіруе ўладар Нурсултан Назарбаеў. Ён там сапраўдны Елбасы і султан, толькі спярша пад тытулам першага сакратара ЦК Камуністычнай партыі Казахстану, а потым пад шыльдай прэзідэнта гэтай краіны. А вось у Азербайджане вярхоўная ўлада плаўна перайшла па спадчыне ад бацькі Гейдара Аліева да сына Ільхама Аліева – іх агульны стаж кіравання складае фактычна 50 гадоў – паўстагоддзя! Але пакінем убаку азіяцкія мусульманскія краіны, дзе такі султанацкі менталітэт фармаваўся тысячагоддзямі. Не трэба лезці ў Азію з сваім еўрапейскім статутам.

Як казаў літаратурны класічны герой – прадаставім неба птушкам, а самы звернемся да крэслаў. Ці, па іншаму – вернемся да нашых бараноў. У Беларусі чарговыя ўгодкі канання Савецкага саюзу прайшлі амаль непрыкметна: пару публікацый ў нешматлікіх незалежных медыях, ды віншавальнае абмеркаванне фэйсбукавай супольнасцю. У сапраўды незалежнай Беларусі гэты дзень – 8 снежня павінен стаць святочным і, магчыма, нават выходным. А зараз радавацца няма чаму – з усіх бакоў татальная залежнасць ад крамлёўскай палітыкі і эканомікі, ад маскоўскай ідэалогіі і прапаганды. У гэтай дзяржаве няма месца пра памяць Слуцкіх паўстанцаў ці герояў вызвольнага чыну 1863 году, няма месца памяці ахвяраў ленінскага камуністычнага рэжыму. Тут месца настальгіі па расейскіх царах-імперцах і іх катах суворавых, пачэснае месца помніку расейскаму гарадавому і шыльдзе Сталыпіну, а таксама лініі Сталіна і помнікам Дзяржынскаму.

Дзяржаўныя ж ідэолагі, якія скрозь маюць прарасейскую арыентацыю, пра бясслаўны распад СССР згадваць не хочуць. Многія старэйшыя людзі з ранейшай камуністычнай наменклатуры, якія і зараз альбо пры пасадах, альбо ў пашане, увогуле з настальгіяй успамінаюць тыя часы з іхнымі кармушкамі, спецпаліклінікамі, пасадамі па спадчыне і таму падобным.

Савецкі саюз сканаў, але эпоха расейска-савецкай імперыі яшчэ не скончылася…      

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ