Спартоўцы могуць даць фору палітыкам?



У 2015 годзе затраты на спорт у Беларусі вырастуць амаль на 20 працэнтаў. Ці правільна краіна растаўляе прыярытэты? І ў каго больш дасягненняў – у беларускіх спартоўцаў ці палітыкаў? Пра гэта распавядае палітык і заўзятар са стажам Павел Знавец.

У 2015 годзе ў праекце бюджэта запланавана на спорт 1,2 трлн. рублёў (каля 111 мільёнаў долараў). Гэта на 18,9 працэнтаў больш, чым было запланавана ў бюджэце на 2014 год.

Павел Знавец: Няблага, калі гэтыя грошы пойдуць не толькі на спорт высокіх дасягненняў, але і на фізкультуру. Як мне падаецца, лепш ужо фінансаванне спорту павялічыць, чым аддаваць грошы на ўтрыманне сілавікоў, якіх развялося процьма. Там выдаткі ў апошні час проста зашкальваюць. А ўвогуле, не лічу кепскім развіццё спорту.

РР: Кажуць, што спартоўцы могуць для іміджу краіны зрабіць больш, чым палітыкі. Вы згодныя?

Павел Знавец: Доля праўды ёсць, бо спортам цікавяцца вельмі шмат людзей. І калі заўзятары прызджаюць на той жа чэмпіянат свету па хакеі, то яны цікавяцца не толькі матчамі, але і жыццём краіны. Абменьваюцца інфармацыяй з людзьмі, атрымоўваюць яе з першых рук, у іх складваецца сваё ўражанне. Так што спорт, думаю, у найбольшай ступені ўплывае на фарміраванне іміджу краіны. Гэта разумеюць і ў беларускім кіраўніцтве. І я падтрымліваю будаўніцтва розных лядовых палацаў, бо з сабой у магілу чыноўнікі іх не забяруць. Гэта лепш, чым хаваць грошы ў афшорах. Веру, што праз нейкі час у тым жа Палацы незалежнасці будуць выступаць ТБМ, палітычныя апазіцыйныя партыі… Не вечна ж будзе рэжым.

РР: Можа зараз лепш будаваць бальніцы ды дзіцячыя садкі, чым лядовыя палацы?

Павел Знавец: Пры дыктатуры не чакайце правільна растаўленых прыярытэтаў. Паглядзіце – у Расеі правялі Алімпіяду, “распілаваўшы” 50 мільярдаў долараў, а зараз не ведаюць, што рабіць са спартовымі аб’ектамі. Але да пытання прыярытэтаў можна падысці па-рознаму. Будаўніцтва паліклінік можа было б і лепей, але ж маглі і грошы скрасці, і лядовых палацаў не было б. А так хоць нешта застанецца.

РР: У каго, на ваш погляд, сёння больш дасягненняў – у беларускіх спартоўцаў ці палітыкаў?

Павел Знавец: Беларускія спартоўцы палітыкам могуць яшчэ і фору даць. Тут і параўноўваць няма чаго.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота glavred.info