„Горад адзін, успаміны розныя”. Кніга пра Гародню 1930-40-х
Журналіст Руслан Кулевіч рыхтуе да друку кнігу пра Гародню 1930-40-х.
Цягам года збіраліся ўспаміны жыхароў, з якіх і атрымалася кніга, кажа Руслан Кулевіч:
– У аснову гэтай кнігі ляглі ўспаміны 16-ці жыхароў горада Гародні, якія перажылі ў сваім дзяцінстве і маладосці сур’ёзныя цяжкасці. Гэта неаднаразовая змена ўлады, вайна, заключэнне, габрэйскія пагромы, прымусовыя работы. Усё гэта адбывалася ў адным горадзе.
На думку Руслана Кулевіча, выданне будзе цікавым людзям рознага ўзросту:
– Ужо 28 чалавек замовілі гэтую кнігу – хтосьці па дзве, па тры кнігі. Гэта людзі сярэдняга ўзросту, але вялікую цікавасць да кнігі выказваюць менавіта маладыя гарадзенцы. Я паказваю ў сацыяльных сетках, як выглядаў горад у 30-я гады – гэта розныя здымкі і відэа ўспамінаў.
Кнігу можна замовіць праз пляцоўку Ulej. Аўтар ужо збірае ўспаміны на другую частку кнігі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота з асабістага архіва Руслана Кулевіча