Пра канец эры субсідыяў  



Падарункі на Новы год атрымаюць не толькі беларускія грамадзяне, але і беларускія ўлады. Расея пагражае спыніць пастаўкі нафты на ільготных умовах. На практыцы гэта азначае канец эры субсідыяў ад нашых суседзяў, якія гадамі ліліся ракой. Што праўда, звычайным грамадзянам ад гэтага перападалі ў асноўным порцыі чарговых навінаў па тэлевізары пра тое, як добра жыць у Сінявокай. Як той казаў, да пары сіцечка сее. І вось калі гэтае сіцечка сеяць перастане, то падтрымліваць крышталёвую судзіну будзе вельмі цяжка. А напярэдадні выбараў хочацца, каб гэтая судзіна была поўнай і не разбітай. Бо што гаварыць у іншым выпадку па тэлевізары электарату?

У абмен на ільготную нафту афіцыйная Масква патрабуе паглыбення інтэграцыі. За аднаўленне былой імперыі нашыя суседзі гатовыя і нафту па добрых коштах прадаваць. У гэтым плане беларускія ўлады трапілі ў сітуацыю, калі прапанаваныя варыянты, як казаў вядомы палітык, абодва горшыя. Альбо нафта дарагая – і тады перад выбарамі атрымаецца не вельмі добрая эканамічная карцінка. Альбо далейшая інтэграцыя – і тады перад выбарамі не вельмі добрая палітычная карцінка. Аднак нашыя суседзі таксама не зацікаўленыя, каб тут нешта змянялася. А таму іхнія пагрозы наконт спынення ільготнай нафты – не вартыя даверу. Адныя зробяць выгляд, што напалохалі, а іншыя зробяць выгляд, што спалохаліся. На тым і разыйдуцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ