Севярынец і Аненкаў аштрафаваныя за Курапаты



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і актывіст Сяргей Аненкаў аштрафаваныя на 49 і 38 базавых велічынь (1.200,5 рубля і 931 рубель адпаведна). Такое рашэнне 13 снежня прыняў суд Менскага раёна.

Актывісты былі прызнаныя вінаватымі на падставе артыкула 23.4 КоАП (непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі).

Канфлікт здарыўся 12 снежня каля рэстарана „Паедзем паядзім” ва ўрочышчы Курапаты. Наведнікам, што спрабавалі праехаць да рэстарана, актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй аб масавых расстрэлах у гэтым месцы падчас сталінскіх рэпрэсій. Міліцыю выклікаў наведвальнік, які прыехаў у рэстаран на „Аўдзі” і якому актывісты спрабавалі ўручыць памятку аб расстрэлах.

Мінулую ноч Севярынец і Аненкаў правялі ў ізалятары УУС Менскага раёна, куды былі дастаўленыя супрацоўнікамі міліцыі.

Павел Севярынец — адзін з арганізатараў акцый супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім”, якія з 31 мая штодня праводзяцца ля ўваходу на тэрыторыю ўстановы. Рэстаран размешчаны блізу месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам.

belapan.by