Адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ



12—13 снежня ў Бруселі адбылося шостае пасяджэнне Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ.

Дэлегацыю Беларусі ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, дэлегацыю Еўразвяза — кіраўнічы дырэктар па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Томас Майер-Хартынг. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі МЗС і профільных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі, а таксама генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

Як паведамляе прэс-служба МЗС, падчас пасяджэння абмеркаваны стан і перспектывы двухбаковых адносін Беларусі з Еўрасаюзам, удзел краіны ў ініцыятыве ЕЗ „Усходняе партнёрства”, супрацоўніцтва ў сферы эканомікі і фінансаў, гандлю, інвестыцый, адукацыі, навукі, экалогіі, энергетыкі, транспарту , лічбавых тэхналогій, міжнароднай тэхнічнай дапамогі, а таксама пытанні правоў чалавека.

У асобных сегментах мерапрыемства прынялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу беларускіх няўрадавых арганізацый, удакладняе МЗС.

Варта адзначыць, што на папярэдняй сустрэчы эксперты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якіх запрашаюць для ўдзелу ў працы групы, змаглі не толькі традыцыйна паўдзельнічаць у абмеркаванні сектаральнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕЗ, але і ўпершыню былі запрошаныя на частку сустрэчы, прысвечаную Усходняму партнёрству.

Каардынацыйная група Беларусь — ЕЗ правяла сваё першае пасяджэнне ў красавіку 2016 года. У рамках працы групы праходзіць структураваны палітычны дыялог па ўсім коле ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам.

Пасяджэнні групы праводзяцца двойчы ў год. У іх прымаюць удзел прадстаўнікі Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі. Папярэдняе пасяджэнне адбылося ў Мінску ў красавіку 2018 года.