Жыццё ў крэдыт?



Зіма вяртаецца да нас! Чакаем мінус 12 на выходных, а на наступным тыдні – яшчэ больш!

Ці спраўдзіцца чарговы “халодны” прагноз сіноптыкаў, пакажа самы бліжэйшы час. Вы не любіце зіму? Нічога не зробіш – застаецца перажыць і вясны дачакацца. Або зарабіць грошай і зімаваць у цёплых краінах… Або зарабляць грошы, жывучы там… Усё залежыць ад вашага стаўлення да сітуацыі. І так па ўсіх пытаннях – ад надвор’я да грошай. Прыняць тое, што дадзена? Набрацца моцы і наважыцца на перамены? Важна ва ўсім гэтым бачыць плюсы і разлічваць на сябе: пачнеце “замарочвацца” і патанаць у негатыве – можаце трапіць у насамрэч непрыемную сітуацыю.

Махлярства – папулярны і ўжо транспамежны від злачынства, як лічаць праваахоўнікі. І цяжка з імі не пагадзіцца. Чаго вартыя вядомыя “нігерыйскія лісты” з прапановай атрымаць у спадчыну мільёны долараў! Суайчыннікі не змаглі ўттрымацца і такі трапілі (не раз!) у рукі махляраў. Чаго не зробіш дзеля быццам бы халявы? У жаданні цудаў…. Ці яшчэ трасца ведае чаму… Вернемся да магчымага негатыву ў вашым жыцці.

Адна спадарыня сустрэла “спецыяліста”, які пераканаў: на яе, даражэнькую, порчу навялі. Псуту. Тую самую. Маўляў, перакрыла порча вашы фінансавыя патокі і трэба іх “разблакаваць”. Падзяліцца грашыма з чараўніком (ці экстрасэнсам) – спецыялістам у сферы непазнаных матэрый. Добра, падзялілася. Праўда, дапамагло мала. І тут спадарыня вырашыла пайсці ў банк ды ўзяць крэдыт, каб улагодзіць сітуацыю на 100%. Дзіўныя рэчы ў свеце адбываюцца. Браць крэдыт на вяселле і разысціся праз пару год – ужо не навіна для беларусаў… Але ўзяць крэдыт з мэтай ад порчы пазбавіцца? Арыгінальна.

Беражыце сябе, сваіх родных і… не мерзнеце на выходных!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ