Першыя электронныя кірмашы вакансій



Электронныя кірмашы вакансій упершыню пройдуць 17—19 снежня, паведаміў 14 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун.

„Мы плануем у гэтыя дні запусціць пілотны праект. Гэта будзе партал, які накіраваны на дыстанцыйны пошук працы для тых, каму гэта неабходна. Суіскальнікі змогуць выслаць сваё рэзюмэ, удакладніць у чаце або ў паведамленнях нейкія пытанні”, — расказаў чыноўнік.

Паводле яго інфармацыі, у першых кірмашах удзельнічаюць пяць сталічных прадпрыемстваў у сферы транспарту і прамысловасці.

Паводле слоў Такуна, у далейшым магчыма правядзенне мэтавых кірмашоў — для будаўнікоў, канкрэтных галін эканомікі — прамысловасці, гандлю, сферы паслуг.

„Партал валодае гнуткасцю, і мы будзем яго змяняць у залежнасці ад прапаноў працадаўцаў і суіскальнікаў”, — паабяцаў Такун.

Як паведамлялася, у студзені—верасні 2018 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 159,5 тыс. чалавек (81,9% да аналагічнага перыяду 2017 года), з іх 89,5 тыс. чалавек зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных (71,6% да 2017 года). З улікам грамадзян, якія стаяць на ўліку на 1 студзеня 2018 года, у працаўладкаванні мелі патрэбу 188,1 тыс. чалавек, з іх 112,4 тыс. беспрацоўных.

Попыт на рабочую сілу ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысіўся. На канец верасня 2018 года ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне паступілі звесткі аб наяўнасці 79,2 тыс. вакансій, што склала 142,8% да аналагічнага перыяду 2017 года. Патрэба ў работніках па рабочых прафесіях склала 65,4% ад агульнай колькасці вакансій супраць 60,3% на канец верасня 2017 года. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі знізіўся з 0,5 на 1 кастрычніка 2017 года да 0,2 беспрацоўнага на адну вакансію на 1 кастрычніка 2018 года.

БелаПАН

Фота sb.by