Беларусь абмеркавала перспектывы ваеннай супрацы з краінамі ШАС
Начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі Алег Воінаў прыняў удзел у выніковай сустрэчы кіраўнікоў органаў міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва дзяржаў — членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), якая праходзіла 9—12 снежня ў Пекіне.
Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, на сустрэчы абмяркоўвалася тэма выканання праграмы міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва краін ШАС у гэтым годзе, а таксама планаваліся мерапрыемствы на 2019 год.
„У межах сустрэчы праведзены двухбаковыя перамовы з прадстаўнікамі краін — членаў ШАС, дзе бакі абмеркавалі цяперашні стан міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва, а таксама яго перспектывы”, — адзначылі ў абаронным ведамстве.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва заснавана ў 2001 годзе лідарамі Казахстана, Кыргызстана, Кітая, РасЕі, Таджыкістана і Узбекістана. Сёння акрамя краін-заснавальніц удзельнікамі арганізацыі з’яўляюцца Індыя і Пакістан. Беларусь уваходзіць у яе ў статусе назіральніка.