Літаратурнае “Бязмежжа” (абноўлена)
«Мы б з радасцю стартавалі ў літаратурных спаборніцтвах з калегамі з Беларусі, але патэнцыял меншасці ёсць заўсёды меншы. Сёлетняе ж «Бязмежжа» паказала, што духоўнае, прыгожае, эстэтычнае слова можа быць не толькі ў пісьменстве, але і ў літаратурным, і дакументальным рэпартажы», – кажа старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа па выніках літаратурнага семінара.
– Менавіта мы гэта паказвалі: літаратурны рэпартаж пра мяжу, дакументы Міколы Ваўранюка і Юркі Каліны. Мы паказвалі мастацка-дакументальнае кіно, каб беларусы разумелі адзін аднаго. Хоць і ёсць мяжа, але яна прынесла розныя праблемы. Таму гэтае “Бязмежжа” – узаемапазнанне. І мы чакаем кожнае “Бязмежжа”, каб можна было паслухаць, паглядзець, пабачыць.
Па словах Яўгена Вапы, наступны літаратурны год шмат у чым будзе прысвечаны стагоддзю бежанства 1915 года. Будуць выдавацца кніжкі, стварацца фільмы, праводзіцца навуковыя семінары, а тыднёвік «Ніва» выпусціць каляндар, прысвечаны тым трагічным падзеям на беларуска-польскім памежжы.
* * *
Літаратурныя чытанні і прэзентацыі, у тым ліку прыклады літаратурна-мастацкага рэпартажу на Беларускім Радыё Рацыя. Семінар «Бязмежжа» чарговы раз стаў пляцоўкай для абмеркавання тэндэнцый беларускага літаратурнага працэсу ў Беларусі і на Падляшшы.
Пісьменнік Сяргей Дубавец прадставіў факсімільнае выданне ранніх вершаў сваёй жонкі Таццяны Сапач (якая чатыры гады таму трагічна загінула ў аўтакатастрофе) і сваю кніжку прозы «Сіні карабель у блакітным моры плыве»
– Я не адчуваю, што паміж намі ёсць мяжа. Мы абсалютна ўсе працуем у адным полі: беларусы разумеюць польскую сітуацыю, палякі (я маю на ўвазе пашпартныя) – беларускую. Галоўнае заўсёды – гэта наяўнасць крыніцы энергіі. І арганізатар такіх сустрэч Яўген Вапа – гэта проста жывая электрастанцыя. Таму ўсё гэта і адбываецца. Калі ёсць чалавек, які выпраменьвае энергію, то ўсё круціцца і працуе.
Дапоўнілі атмасферу літаратурнага семінара «Бязмежжа» спевы бардаў Змітра Бартосіка і Анатоля Баравіка, кінапаказы Міколы Ваўранюка і Юрыя Каліны. Усё гэта па-беларуску і ў Новым Ляўкове, што непадалёк ад беларускай мяжы.
* * *
Беларускія літаратары і паэты разам з творчай інтэлігенцыяй Падляшша сваёй творчасцю разбураюць межы і чарговы раз дзеляцца літаратурным ураджаем. У пасёлку Новае Ляўкова, што на польска-беларускай мяжы, на літаратурным семінары «Бязмежжа» прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменнікаў вялі дыялог з паэтамі, пісьменнікамі Падляшша.
Кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:
– Вельмі цікавая некалі была задумка арганізаваць гэты фестываль і назваць яго менавіта так – “Бязмежжа”. Каб сапраўды размываць гэтую мяжу, якая паўстала некалі ў 50-ых гадах паміж беларусамі, якія жывуць на Гарадзеншчыне, Берасцейшчыне і Беласточчыне. І вельмі добра, што сюды прыязджаюць літаратары не толькі з Беласточчыны, але запрашаюцца і з Менска, Гародні, Берасця. Сапраўды, нам ёсць што паказаць адзін аднаму, нам ёсць чым ганарыцца.
Барыс Пятровіч адзначыў, што мінулы год быў годам вялікіх стратаў у беларускай літаратуры: пайшлі з жыцця Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, не стала вялікіх празаікаў Уладзіміра Дамашэвіча і Анатоля Кудраўца. «Але дзякуючы Школе маладога літаратара на небасхіл узыходзяць новыя зоркі беларускай літаратуры, сярод іх Кацярына Оаро ды Антон Рудак», – адзначае Барыс Пятровіч.
[Not a valid template]
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Першы дзень сустрэчы беларускіх літаратараў і журналістаў з Беларусі ды Падляшша быў у большасці прысвечаны прэзентацыі цікавейшых творчых дасягненняў мінаючаго года менавіта на Падляшшы.
[Not a valid template]
Прзентаваліся Беларуская Інтэрнэт-Біблятэка Камунікат.org і выдавецтвы Фонда “Villa Sokrates”.
Свае фільмы паказаў журналіст Мікола Ваўранюк, які з’яўляецца і адным з стваральнікаў мерапрыемства.
– “Бязьмежжа” – гэта творчасць. У аднаго гэта выліваецца на картку паперы ці цяпер усё больш у інтэрнеце. У іншага гэта рэпартаж, радыёрэпартаж ці тэлерэпартаж, ці дакументальнае кіно. Аб’ядноўвае ўсё гэта, як кожнае мастацтва, тое, што творца хоча выклікаць у чытача ці гледача пэўныя эмоцыі.
Літаратурны семінар “Бязьмежжа” будзе працягвацца да нядзелі. 13 снежня пройдуць прэзентацыі гасцей з Беларусі.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Традыцыйная сустрэча збярэ беларускіх літаратараў і журналістаў з Беларусі і Беласточчыны.
Гэта і абмен досведам і нагода для сустрэчы адзначыў у нашым эфіры старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа.
– Мы, беларусы Беласточыны, маем магчымасць паслухаць, пабачыць на ўласныя вочы аўтараў, якіх мы чытаем у “Дзеяслове” ці ў беларускай перыёдыцы, а мы паказваем тое, што нашыя сябры з Менску праз недахоп інфармацыі і недахоп магчымасцяў кантактаў, не бачаць. Не могуць пабачыць нават жыццё беларусаў Беласточчыны і наш пункт гледжаня жыцця-быцця ў культуры, у літаратуры.
Літаратурныя семінары Бязьмежжа арганізуюцца на Беласточчыне з 90-х гадоў.
У межах сустрэчаў пройдуць паказы фільмаў ды творчыя сустрэчы з беларускімі літаратарамі, журналістамі і творцамі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя