Сілуанаў: Расея не абяцала Беларусі кампенсацый з-за падатковага манеўру
Масква не абяцала Менску выплаціць кампенсацыі з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў нафтагазавай галіне Расеі, бо гэтыя змены з’яўляюцца ўнутранай справай. Пра гэта гаворыцца ў заяве першага віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў Расеі Антона Сілуанава.
„Расея не давала Беларусі нейкія абяцанні па выплаце кампенсацый за змены падатковага заканадаўства ў Расеі”, — перадае РБК заяву Сілуанава.
13 снежня Беларусь ўзняла пытанне кампенсацый на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Берасці, растлумачыў міністр. Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Ляшэнка заявіў, што рэспубліка у 2019 годзе разлічвала атрымаць прыблізна 310 млн долараў кампенсацыі ў сувязі з падатковым манеўрам ў Расіі.
Пры гэтым Расея прапанавала Беларусі абмеркаваць эканамічнае супрацоўніцтва „комплексна ў рэчышчы нашых сумесных рашэнняў па выкананні саюзнага дагавора 1999 года”.
„На жаль, многія палажэнні гэтага [саюзнага] дагавора ў гэты момант не выконваюцца”, — лічыць кіраўнік расейскага Мінфіна. Ён заклікаў „надаць новы імпульс” адносінам краін у межах дамоўленасцяў, якія былі заключаныя дагэтуль.
Фота ТАСС