Слонімцы сабралі 400 подпісаў за паляпшэнне руху транспарту



Слонімская грамадская ініцыятыва „Народны кантроль”, у якую ўвайшлі ўсе партыі і грамадскія арганізацыі, ініцыявала збор подпісаў пад зваротам да ўладаў, каб зрабіць рух грамадскага транспарту зручным для жыхароў Слоніма, раёна і гасцей горада з улікам іх прапаноў.

Напрыклад, каб даехаць з аднаго мікрараёна ў другі горада Слоніма прыходзіцца затраціць шмат часу. Да начных цягнікоў на чыгуначны вакзал нічым немагчыма даехаць.

Маршрут аўтобуса № 1 адыходзіць ад вакзала за 20 хвілін да прыходу дызеля. Ды і даехаць да вакзала маглі б работнікі птушкафабрыкі і жыхары вёскі Васілевічы. У вёскі Чапялёва і Шылавічы ходзіць маршрутка, але са слоў жыхароў гэтых вёсак, у яе ўсе жадаючыя ўмясціцца на працу ў горад не могуць.

Таму людзі патрабуюць, каб у іх вёскі курсіраваў аўтобус. Але аўтобуса няма. Было ўнесена і шмат іншых прапаноў. Пад зваротам слонімцы сабралі больш за 400 подпісаў і адправілі яго ў Гродзенскі аблвыканкам, Слонімскі райвыканкам і Слонімскі аўтапарк № 3. Ужо атрыманы і першы адказ ад дырэктара аўтапарку № 3 Сяргея Скока, у якім ён паведаміў, што тыя “маршруты, якія ёсць, прадуманыя і спланаваныя, а што пасажырам незручна – дык гэта іх праблемы”.

 Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Слонім