Рост прамысловай вытворчасці ў Беларусі запаволіўся па выніках 11-ці месяцаў



У студзені-лістападзе 2018 года аб’ём прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў бягучых цэнах склаў 100 млрд рублёў, або ў супастаўных цэнах 106,1% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017 года, паведаміў Белстат.

У студзені-кастрычніку тэмп росту прамысловай вытворчасці быў на ўзроўні 6,4%. Такім чынам, за месяц зніжэнне склала 0,3 працэнтнага пункта.

У студзені прырост прамвытворчасці склаў 9,7%, студзені-лютым — 10,3%, студзені-сакавіку — 9,4%, студзені-красавіку — 8,8%, студзені-маі — 8,3%, студзені-чэрвені — 7,8%, у студзені-ліпені — 7,5%, у студзені-жніўні — 7,1%, студзені-верасні — 6,8%.

У горназдабываючай прамысловасці ў студзені—лістападзе рост склаў 3,3%, у апрацоўчай прамысловасці — 6,2%, у забеспячэнні электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам — 7,1%, у водазабеспячэнні, зборы, апрацоўцы і выдаленні адходаў, дзейнасці па ліквідацыі забруджванняў — 0,4%.

Індэкс прамысловай вытворчасці за лістапад 2018 года да такога ж леташняга месяца склаў 103,1%, да кастрычніка 2018 га — 100,4%.

Ва ўсіх галінах апрацоўчай прамысловасці аб’ём прамысловай вытворчасці за студзень-лістапад 2018 года перасягнуў узровень студзеня-лістапада 2017 года. Найбольшы прырост назіраўся ў вытворчасці вырабаў з дрэва і паперы; паліграфічнай дзейнасці і тыражаванні запісаных носьбітаў інфармацыі (на 14,1%), машын і абсталявання, не ўключаных у іншыя групоўкі (на 13,9%), транспартных сродкаў і абсталявання (на 13,1%), асноўных фармацэўтычных прадуктаў і фармацэўтычных прэпаратаў (на 8,6%), хімічных прадуктаў (на 6,3%).

У 2017 годзе прамысловая вытворчасць у Беларусі вырасла на 6,1%.

belapan.by