Украінскі тэлеканал UATV можа пачаць вяшчаць у Беларусі да канца года
Украінскі тэлеканал у Беларусі можа пачаць вяшчанне да новага года. Пра гэта заявіў 17 снежня падчас экспертнага форуму „Беларусь—Украіна: двухбаковая павестка ў турбулентным рэгіёне”, арганізаванага экспертна-аналітычнай ініцыятывай „Менскі дыялог”, амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.
„З першага дня майго знаходжання тут казалі пра ўкраінскі тэлеканал. Таму мы разам з беларускімі калегамі знайшлі ўкраінскі канал, больш спакойны. Мы вельмі доўга чакалі, пакуль нам Мінінфарм узгодніць рэгістрацыю. Кантракт быў гатовы да падпісання яшчэ ў лютым гэтага года, але не было дазволу ад Мінінфарма Беларусі, — растлумачыў дыпламат. — Потым у вашай краіне сталі ўносіць змяненні ў закон аб СМІ, ён набыў моц 1 снежня. Я казаў: тады канал павінен быць запушчаны 2 снежня. Але так не здарылася. Цяпер дазвол ад Мінінфарма ёсць , але з’явіўся тэхнічны момант — падпісваецца кантракт з новым аператарам. Але мы спадзяёмся, што да новага года ўкраінскі канал будзе. Там навінавая стужка невялікая, больш культуры. Беларускі глядач пакуль не гатовы да такой інфармацыйнай бомбы, што ў нас круціцца”.
Палітолаг, кіраўнік савета знешняй палітыкі „Украінская прызма” Генадзь Максак падкрэсліў, што стварэнне сумеснай ўкраінска-беларускай інфармацыйнай прасторы з’яўляецца адным з аспектаў бяспекі. „Бяспека — гэта і пытанні інфармацыі. І калі па нейкай тэме з адной з бакоў пачынаюцца спекуляцыі са сваімі нейкімі мэтамі, тут узнікае шмат пытанняў. І першае, што неабходна і для Беларусі, і для Украіны — наладзіць нармальную інфармацыйную палітыку . Вельмі важна, каб мы чулі адзін аднаго не праз прызму Расіі, а напрамую”, — падкрэсліў эксперт.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, выступаючы 26 кастрычніка ў Гомелі, заявіў, што Беларусь і Украіна дамовіліся найбліжэйшым часам пачаць трансляцыю ўкраінскага тэлеканала на беларускай тэрыторыі. Пытанне аб пачатку вяшчання ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала UATV абмяркоўвалася 11 кастрычніка ў Гомелі на 26-м пасяджэнні міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.
21 снежня 2014 года на сустрэчы ў Кіеве Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі пытанне аб стварэнні сумеснага тэлеканала. „У нас такі вопыт ужо ёсць. З нашымі каналамі працуюць сумесна тры ці чатыры расійскія. Чаму мы з Украінай не можам стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва? Таму трэба гэта не забыць і зрабіць. Трэба вызначыць канал у Беларусі”, — сказаў Лукашэнка. „Мы даўно казалі пра тое, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжання, і было б нядрэнна, калі б адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасць транслявацца на тэрыторыі Беларусі”, — заявіў Парашэнка. Аднак ідэя не знайшла практычнага ўвасаблення.
27 лютага 2018 года пытанне аб тэлеканале быў узняты на сустрэчы дзяржсакратара Міністэрства інфармпалітыкі Украіны Арцёма Бідэнкі і міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча.
UATV — украінскі тэлеканал замежнага вяшчання, які пачаў сваю работу 1 кастрычніка 2015 года. На Украіну вяшчае тэлеканал „Беларусь 24”.
belapan.by