Беларусь прагаласавала супраць рэзалюцыі ААН аб мілітарызацыі Крыма
Генеральная асамблея ААН прыняла 17 снежня рэзалюцыю аб мілітарызацыі Крыма, а таксама раёнаў Чорнага і Азоўскага мораў. Беларусь у ліку 19 краін прагаласавала супраць гэтага дакумента.
Як паведамляе сайт ААН, у рэзалюцыі падкрэсліваецца, што „прысутнасць расейскіх войскаў у Крыме супярэчыць нацыянальнаму суверэнітэту, палітычнай незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і падрывае бяспеку і стабільнасць суседніх краін і Еўрапейскага рэгіёна”. У ёй выказваецца сур`ёзная заклапочанасць прагрэсам у „мілітарызацыі Крыма Расейскай Федэрацыяй як дзяржавай-акупантам”.
Аўтары адзначаюць небяспечнае нарастанне напружанасці і неапраўданае выкарыстанне Расеяй сілы супраць Украіны ў Чорным моры, у прыватнасці захоп 25 лістапада трох суднаў ваенна-марскіх сіл Украіны.
Генеральная асамблея ААН заклікала Расею „безумоўна і неадкладна вызваліць судны і іх экіпажы і абсталяванне”, а таксама не перашкаджаць ажыццяўленню навігацыйных правоў і свабод Украіны ў Чорным і Азоўскім морах і Керчанскім праліве. У дакуменце ўтрымліваецца асуджэнне збудавання Расіяй моста цераз Керчанскі праліў „паміж Расейскай Федэрацыяй і часова акупаваным Крымам”.
„Генеральная асамблея настойліва заклікае Расейскую Федэрацыю як дзяржаву-акупанта вывесці свае ўзброеныя сілы з Крыма і неадкладна спыніць часовую акупацыю тэрыторыі Украіны”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.
Дакумент падтрымалі 66 дзяржаў. 72 дэлегацыі ўстрымаліся пры галасаванні. Сярод тых, хто прагаласаваў супраць, — дэлегацыі Арменіі, Беларусі і Узбекістана. Дэлегацыі Казахстана і Кыргызстана ўстрымаліся. Прадстаўнікі Азербайджана, Таджыкістана, Туркменістана не бралі ўдзел у галасаванні.
Першы намеснік пастаяннага прадстаўніка РФ пры ААН Дзмітрый Палянскі назваў рэзалюцыю „шкоднай украінскай задумай”. Ён адзначыў, што ў рэзалюцыі ідзе гаворка пра „расейскі Крым”. „Падкрэслю — менавіта расейскі, таму што іншага ўжо даўно няма. Нейкая анексаваная, акупаваная і мілітарызаваная тэрыторыя існуе толькі ў праектах нашых украінскіх калегаў, якія дагэтуль, падобна, адчуваюць „фантомныя болі”, — сказаў ён. Палянскі заявіў, што „для Расеі і крымчан пытанне прыналежнасці Крыма вырашанае канчаткова і беспаваротна — Крым быў, ёсць і будзе расейскім.
Адзначым, Беларусь ужо не першы раз галасуе ў ААН супраць дакументаў, якія асуджаюць анексію Крыма Расеяй.