Аўтакефалія Украінскай праваслаўнай царквы – медычны факт



Пасля правядзення аб’яднаўчага сабору ў Кіеве і абрання патрыярха засталася чыстая фармальнасць: атрымаць томас з рук Канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея. Гэтая падзея адбудзецца на праваслаўнае Раство 6 студзеня 2019 года ў Стамбуле. Для Маскоўскага патрыярхату такі паварот падзей азначае страту манаполіі на лідарства сярод праваслаўных хрысціян. З адыходам Кіева ў самастойнае плаванне Маскоўскі патрыярхат страчвае каля паловы сваіх прыходаў. Але гэта не галоўнае. Атрыманне УПЦ аўтакефаліі разбурае падставовы ідэалагічны канструкт “трыадзінства”, згодна якому не існуе ніякіх асобных беларускага, украінскага і расейкага народу, усё гэта тры часткі аднаго цэлага.

РФ рэагуе на працэс адасаблення УПЦ ад Маскоўскага патрыярхату нервова. Паводле накалу жарсцяў прапагандысцкія матэрыялы на расейскіх тэлеканалах не саступаюць тым, што выходзілі ў разгар Майдану ў пачатку 2014 года альбо падчас гарачай фазы вайны на Данбасе. Патрыярх Кірыл адправіў веер пасланняў генеральнаму сакратару Арганізацыі па бяспецыі і супрацы ў Еўропе, прэзідэнту Францыі, кіраўнікам дзяржаваў “Нармандскай чацвёркі”, генеральнаму сакратару ААН і нават Папе Рымскаму Францыску. У звароце патрыярх маскоўскі звяртае ўвагу высокапастаўленых асобаў на выпадкі парушэння правоў і свабод іерархаў Украінскай праваслаўнай царквы. Усе гэтыя рэакцыі – ад бяссілля. Насамрэч з узмацненнем украінскай дзяржавы, з паляпшэннем сацыяльнага і эканамічнага становішча грамадзян, колькасць прыхільнікаў Маскоўскага патрыярхату будзе змяншацца з кожным годам. І паўплываць на гэты працэс кардынальным чынам у Масквы не атрымаецца.

У кантэксце супрацьстаяння Масквы і Кіева ў рэлігійнай сферы ўзнікае неабходнасць асэнсавання патэнцыйнага ўплыву згаданых падзей на Беларусь. Калі казаць пра юрыдычны бок справы, то пасля атрымання аўтакефаліі УП Кіеўская мітраполія фактычна вяртаецца да стану 1589 году. Тады яшчэ ніякага Маскоўскага патрыярхату не існавала, а Беларусь адносілася да кананічнай тэрыторыі Кіева. То бок, з фармальнага гледзішча распаўсюд уплыву Маскоўскага патрыярхату на Беларусь не мае пад сабой належнай прававой асновы. Што праўда, у гэты момант ані праваслаўныя вернікі, ані царкоўныя іерархі БПЦ ніякіх інтэнцый што да атрымання аўтакефаліі не выяўляюць. У цяперашні момант сярод святароў БПЦ нямала прыхільнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Некаторыя з іх вядуць беларускамоўныя блогі, смела выказваюцца адносна бягучых палітычных падзей, ладзяць набажэнствы на роднай мове. Падчас святкавання 100-годдзя БНР протаярэй Сергій Лепін выступіў з прамовай перад удзельнікамі святкавання на беларускай мове. Аднак дагэтуль царкоўныя інтэлектуалы, нават прыхільныя да Беларушчыны, не ставяць пытанне аб аўтакефаліі. Нехта тлумачыць гэта тым, што ідэя стварэння памеснай царквы павінна падтрымлівацца прыхаджанамі, ісці знізу. Хтосьці акцэнтуе на тым, што царкоўны раскол не ідзе на карысць сусветнаму праваслаўю. Камусьці здаецца, што аўтакефальная беларуская царква аўтаматычна стане закладніцай палітычнага рэжыму.

Але гэта не значыць, што сітуацыя застанецца нязменнай. Прыклад Украіны будзе пастаянна асэнсоўвацца беларускімі вернікамі. І можна не сумнявацца, што ў структурах цяперашняй БПЦ паступова пачне фармавацца разуменне неабходнасці стварэння асобнай беларускай памеснай царквы. Пры змяненні сітуацыі ў дзяржаве, калі ўлада пачне мысліць катэгорыямі нацыянальнага інтарэса і бяспекі, працэс адасаблення беларускай царквы паскорыцца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ