МУС: У 2018 годзе колькасць працоўных мігрантаў павялічылася на чвэрць



У 2018 годзе колькасць працоўных мігрантаў, якія выязджаюць за мяжу, павялічылася на 25%, паведаміў 18 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

Паводле яго слоў, большасць грамадзян выязджае ў Польшчу, якая прымяняе ў дачыненні да беларусаў спрошчаную працэдуру прыняцця на працу, і Расею.

Паводле звестак МУС, штогод з Беларусі на пастаяннае месца жыхарства афіцыйна з’язджаюць каля 6 тыс. чалавек. Пры гэтым адзначаецца, што беларусаў, якія з’язджаюць з краіны, больш, але многія не афармляюць дакументы для выезду на ПМЖ.

Паводле інфармацыі дэпартамента міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы, беларускія мігранты ў Літве трэція па колькасці пасля ўкраінцаў і рускіх. Часцей за ўсё яны прыязджаюць на год без сем’яў, пасля чаго імкнуцца атрымаць від на жыхарства. 79% з іх жывуць у Вільнюсе, 15% грашовых пераводаў з Літвы паступаюць у Беларусь.

У сваю чаргу намеснік начальніка ўпраўлення папярэдняга расследавання і дазнання Дзяржпагранкамітэта Аляксей Сыцянкоў паведаміў, што з пачатку гэтага года непадалёку ад беларускай мяжы выяўлена на 20% нелегальных мігрантаў больш, чым годам раней.

„Паколькі мы праводзім вялікую працу па спыненні правапарушэнняў у сферы пагранічнай бяспекі, то колькасць асоб, затрыманых непасрэднага на мяжы, памяншаецца. Групы нелегалаў мы часцей выяўляем яшчэ паблізу памежнай зоны. І колькасць такіх затрыманняў за год вырасла на 20%”, — расказаў ён. Сыцянкоў адзначыў, што часцей за ўсё арганізацыяй такіх злачынстваў займаюцца выхадцы з каўказскага рэгіёну Расіі. Найчасцей праз беларускую мяжу спрабуюць нелегальна перабрацца грамадзяне В’етнама, Афганістана, Афрыканскага рэгіёну. Бывае, што правапарушальнікі прад’яўляюць пасведчанні асобы грамадзян неіснуючых дзяржаў. „Напрыклад, былі выпадкі затрымання асоб з пашпартамі „грамадзяніна свету”, — расказаў Сыцянкоў. — Затрымліваліся асобы, якія адносяць сябе да „дыяспары жывых мужчын”. Яны прад’яўлялі дакументы, якія па сваёй структуры даволі добра і цікава выкананы”.

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі Зейнал Гаджыеў адзначыў, што міжнародная міграцыя сёння — гэта глабальны выклік ХХІ стагоддзя.

„На працягу апошніх 18 гадоў, з таго часу, як быў заснаваны Міжнародны дзень мігрантаў, іх колькасць вырасла на 50% і дасягнула амаль 260 млн чалавек, — сказаў ён. — Яшчэ 40 млн людзей пераехалі з-за канфліктаў унутры сваіх краін. Кожны год людзі вымушаныя пакідаць свае дамы з-за прыродных катастроф і бедстваў, звязаных са зменамі клімату. У 2017 годзе такіх мігрантаў было амаль 19 млн”. Паводле слоў Гаджыева, міжнародная міграцыя з эканамічнага, сацыяльнага і культурнага пунктаў гледжання ўзбагачае грамадства як у краінах прыёму, так і ў краінах зыходу. Тым не менш ва ўсім свеце расце варожасць у дачыненні да мігрантаў. „Міграцыя сёння — адно з ключавых пытанняў міжнароднага парадку дня, — адзначыў Гаджыеў. — Той факт, што 10 снежня ў Маракешы быў прыняты глабальны дагавор аб бяспечнай, упарадкаванай і рэгуляванай міграцыі, падкрэслівае важнасць міграцыйных працэсаў і палітычнай волі дзяржаў кіраваць міграцыяй на карысць кожнага”.

belapan.by

Фота: thinktanks.by