Справа 1970 г. Чуткі і плёткі: як з імі змагацца і як накіроўваць



Савецкі Саюз быў краінай чутак, прытым чуткі сустракаліся на ўсе густы, узросты, нацыянальнасці і адукацыйныя ўзроўні.  

У вялікіх гарадах шчыруюць банды амерыканцаў, якія раздаюць піянерам імпартныя жуйкі з сібірскай язвай. А фарцоўшчыкі ў тых жа гарадах наўмысна заражаюць джынсы пранцамі ў раёне прамежнасці. У “доктарскую каўбасу” дадаюць туалетную паперу, Леанід Ільіч Брэжнеў пабраўся шлюбам з Людмілай Зыкінай, а “Бітлз” аднойчы таемна наведалі СССР, дзе далі падпольны канцэрт, у гонар чаго напісалі песню “Back in the USSR”.

Савецкія чэкісты вельмі ўважліва адсочвалі чуткі, што цыркулявалі ў грамадстве і, пры патрэбе, тым жа грамадствам праз чуткі маніпулявалі.

 

* * *

Прычын з’яўлення чутак было багата, але галоўнымі былі, па-першае, брак праўдзівай інфармацыі ў савецкіх медыях, а па-другое – адсутнасць крытычнага мыслення ў большасці савецкіх людзей.

Калі чуткі гучалі бяскрыўдна, як, напрыклад, пра чарговы шлюб Алы Пугачовай, ці нават патрыятычнымі – як, скажам, пра савецкую лазерную зброю, якая можа спяпяліць усю Амерыку за лічаныя секунды, — КГБ гэта не цікавіла.

А вось усё, што тычылася магчымых “антысавецкіх праяваў”, а таксама палітычных, эканамічных і фінансавых зменаў, бралося пад шчыльны кантроль…

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

25 марта 1970 г.

 СПЕЦИАЛЬНОЕ СООБЩЕНИЕ

В последнее время в органы КГБ (…) поступают сигналы о распространении среди населения (…) различного рода провокационных слухов и анонимных документов, связанных с проводимыми мероприятиями по подготовке к празднованию к 100-летию В. И. Ленина.

В марте с. г. житель села Бычковцы (…) Мурик Я. И. среди односельчан рассказывал о том, что в сельской чайной среди посетителей велись разговоры об убийстве в Москве уголовными элементами гражданина, которого якобы проиграли в карты и повесили на памятнике В. И. Ленину и что к 100-летию со дня рождения вождя они должны совершить такие же убийства еще 99 человек.

(…)

Рабочий обувной фабрики № 3 (…) Буряк В. Д. в квартирном почтовом ящике обнаружил анонимное письмо следующего содержания: «Виктор! Вам выпала высокая честь – умереть в честь 100-летия В. И. Ленина. Ваш номер 87. Вы должны явиться в район за ледопунктом на бетонный плац с 20 по 21 текущего месяца в половине первого ночи. При обращении в органы милиции пострадают ваши близкие (…)»

Принимаются меры по выявлению провокационных выпадов и слухов, предупреждению нежелательных эксцесов и враждебных проявлений

(…)

Захады, якія КГБ прадпрымаў супраць “выбрыкаў і чутак”, звычайна зводзіліся да “прафілактавання”. Чалавека, які распаўсюджваў чуткі, выклікалі ў тэрытарыяльныя органы, праводзілі з ім прафітактычную размову і бралі распіску, што больш падобныя чуткі ён распаўсюджваць не стане.

А вось з чутками пра падвышэнни цэнаў, магчымы дэфіцыт прадуктаў і іншыя з’явы, якія тычыліся штодзённага жыцця, было цяжэй…

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

20 марта 1970 г.

 ДОКЛАДНАЯ ЗАПИСКА

Среди населения распространяются слухи о предстоящей, якобы, денежной реформе и введению новых денежных знаков.

(…)

Военнослужащий Дудко Н. А. из Минска пишет своему отцу: «Продажу дома прекратите, если уже взяли задаток – верните. Дело в том, что обстановка дрянная, даже в этом году может быть война. И другое – не без основания говорят о денежной реформе. Вам не надо разъяснять, вы уже раз погорели на этом…»

(…)

Потиха И. М. пишет своей дочери: «Снова люди ждут беды. Говорят о войне и что будут новые деньги. У нас в магазинах разобрали все нужные дорогие вещи. Люди мечутся с деньгами налево и направо. Уже потихоньку начинают запасать продукты и все другое на черный день…»

Выклікаць тысячы людзей, якія душыліся ў чэргах, “для прафілактавання”, было тэхнічна немажліва. У такім разе, які і мае быць, у “барацьбу супраць непажаданых выдумак” уступалі прапагандысты і агітатары. У працоўных калектывах праходзілі палітінфармацыі, на якіх адказныя таварышы распавядалі, што ніякай грашовай рэформы не прадбачыцца, і што ніякай вайны не будзе. Але партыя і ўрад не выключаюць, што ў мэтах падвышэння добрабыту савецкіх людзей рэформа ўсё ж будзе праведзеная, а ў разе, калі заакіянскія распальнікі вайны паспрабуюць захапіць СССР, ім дадуць годны адлуп.

Народ слухаў, уздыхаў і рабіў высновы…

Здаралася, аднак, што некаторыя савецкія грамадзяне не давалі веры прапагандыстам і агітатарам, і нават прафілактаванне ў КГБ не іх не ўдзейнічала. Яны працягвалі распаўсюджваць плёткі – пра савецкую міліцыю, якая нібыта збівае людзей, пра масавыя расстрэлы, якія быццам бы мелі месца ў савецкай дзяржбяспецы ў трыццатыя гады, і яшчэ шмат пра што. Некаторыя нават распаўсюджвалі падобныя плёткі і чуткі ў пісьмовым выглядзе.

З падобнай публікай чэкісты не цырымоніліся.

 

КОМИТЕТ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ

СЕКРЕТНО

26 марта 1970 г.

 (…) докладываем, что уголовное дело по обвинению Бахтиярова О. Г., привлеченного (…) к уголовной ответственности за проведение антисоветской агитации (…), рассмотрено областным судом.

Подсудимый Бахтияров в суде вмененные ему факты признал, но отрицал, что преступление совершил с целью подрыва или ослабления Советской власти.

Областной суд предъявленные Бахтиярову обвинения в проведении антисоветской агитации (…) переквалифицировал на распространение клеветнических измышлений, порочащих советский государственный и общественный строй, и осудил его на три года лишения свободы.

(…)

Зрэшты, савецкія чэкісты і самі распаўсюджвалі патрэбныя ім чуткі. Рабілася гэта вельмі прадумана. У патрэбны момант кагэбэшная агентура запускала дазаваную дэзынфармацыю са спасылкай на нейкую аўтарытэтную, але абавязкова ананімную асобу. “Мой сусед, інструктар ЦК, па-п’яні сказаў…” ці “Адзін мужык у піўной, адстаўнік органаў, гаварыў…”

Яскравы прыклад – чуткі, запушчаныя КГБ у 1969 годзе пра пахаванне ахвяр Вялікага Тэрору ў Пяціхатках; маўляў, там фашысты хавалі сваіх жа расстраляных дэзерціраў. Сярод іншых, не менш папулярных чутак, якія з’явіліся ў грамадстве з падачы Дзяржбяспекі і чаму ў архівах КГБ ёсць дакументальныя пацьвярджэнні – байкі пра каларадскага жука, якога нібыта запусцілі ў СССР амерыканцы з мэтай знішчэння савецкай сельскай гаспадаркі.

Маніпуляванне свядомасцю праз чуткі і плёткі практыкуецца спецслужбамі і па сёння. Толькі цяпер распаўсюд тых чутак адбываецца пераважна не праз чэргі, піўныя і вакзалы, а праз інтэрнэт-форумы і сацыяльныя сеткі.

* * *

У наступнай перадачы я раскажу, як адразу пасля вайны савецкая дзяржава і савецкая Дзяржбяспека сустракала былых вязняў нацысцкіх концэнтрацыйных лагераў.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны

Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 16, вопіс 1, адзінка захавання “994”

Савецкі агітацыйны плакат скарыстаны ў якасці ілюстрацыі