Мода на беларускае?
Беларусь – дзіўная краіна! Тут доўгі час было модным зневажаць саміх сябе, але часы, здаецца, змяніліся. І нават калі беларус па-беларуску не размаўляе (штодзень або не размаўляе ўвогуле!), ён дараваць іншаму чалавеку – суайчынніку ці замежніку! – мовы прыніжэнне… не можа! Пайшла такая мода.
Здарылася адна гісторыя. Адзін цясляр з Берасця раніцай у аўторак запосціў у фэйсбуку ды інстаграме незвычайны допіс. То бок не пра свае шыкоўныя драўляныя сталы напісаў, не пра дызайн, не пра драўніну… Было б лагічна пісаць пра тое, у чым разбіраешся, праўда? Пра мову беларускую запосціў допіс. Маўляў, не патрэбна мне ваша мова. Не пхайце мне яе! Не хачу беларускую – ангельскую хачу! Мову сучасных тэхналогій і прагрэсу! У дадатак да расейскай, зразумела… Вывучыць тры і больш моваў – гэта ж неверагодна, праўда?
Карацей, запосціў малады чалавек допіс пра мову. Пахваліўся, што тусуецца ў сталіцы ў сваім “шоўруме”. Стаў чакаць, што стане без мовы лепш і весялей, а кліенты палятуць набываць даражэзныя сталы… Кліент не пайшоў. Навошта браць натуральны прадукт, калі ўсё роўна кітайцы перамогуць? Ды і грошай на дрэва дзе знайсці – будучыня за пластыкам! Зрэшты, час пакажа, што будзе з драўлянымі рэчамі. Хочацца верыць, што знойдуць яны свайго кліента, але ў іншым месцы, у іншага майстра.
Праз пару гадзін спрэчак вырашыў “бізнесовец” свой допіс прыбраць. Не хапіла падтрымкі, беднаму, і рэкламы добрай не атрымалася. Не на тое паставіў. Што гэта было? Калі маркетынгавы ход, то навошта прыбіраць допіс, які стаў папулярным у беларускім фэйсбуку за пару гадзін? Нелагічна… Значыць, чалавек шчыра падзяліўся сваімі поглядамі. Не падумаў, што адштурхне патэнцыйных кліентаў. Можа, яны і не размаўляюць на роднай мове штодзень, але ж запас бяды не чыніць. Хай будзе. Хай так… А хайтэк – фішкі ўсходнія.