У Чарнігаве ўшанавалі памяць Уладзіслава Ахроменкі
Рух салідарнасці «Разам», беларускія і ўкраінскія сябры пісьменніка правялі ў Чарнігаве вечарыну памяці Уладзіслава Ахроменкі.
Гаворыць яго ўдава – Вольга Ахроменка:
– Як ствараліся яго раманы? Вы ведаеце, былі моманты, калі стаім ля касы і трэба разлічвацца, а я бачу па вачах свайго мужа, што яго няма тут зараз. Я яго штурхаю, Слава. А ён кажа: „О, стала слова ў сказ”. Для мяне, як для яго сям’і, як для яго першага чытача, ён казаў: „Напісаў. Прачытай. Ты бачыш маіх герояў?” Для яго было важна, каб яго героі былі бачныя. Я кажу – бачу, я нават абліччы іх бачу. Я нават бачу выраз іх вачэй.
Беларускі празаік, драматург, сцэнарыст, карэспандэнт Радыё Рацыя ва Украіне, аўтар перадач «На ўліку ў КГБ» Уладзіслаў Ахроменка адышоў у іншасвет у Беластоку сёлета 9 лістапада.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Чарнігаў