Аляксандр Кабанаў: Міністр паабяцаў, але пакуль не выканаў



Сябры ініцыятыўнай групы супраціву акумулятарнаму заводу ў Берасці не могуць дачакацца з міністэрства прыродных рэсурсаў абяцанага аўдыёзапісу з іх сустрэчы з міністрам. Служба бяспекі міністра не дазволіла браць ніякую апаратуру, якой можна было б запісаць сустрэчу. Міністр Андрэй Худык паабяцаў, што сустрэча будзе запісвацца імі, пазней будзе прадастаўлена актывістам.

Але прайшло паўмесяца, аўдыёзапісу няма, кажа актывіст супраціву, блогер Аляксандр Кабанаў:

– Гэта не дзядзя Коля паабяцаў мне вынесці з крамы пляшку гарэлкі, не вынес, я на яго пакрыўдзіўся і сышоў. Гэта міністр. Іх у нас у краіне ўсяго 25 чалавек. Чалавек абяцаў публічна. І запісу няма дасёння. Мы ім даслалі дзве тэлеграмы. Напісалі ў кнігу скаргаў.

Кабанаў лічыць, што высокі чыноўнік не жадае, каб размова стала даступна грамадскасці з-за нязручных для яго момантаў падчас сустрэчы:

– На сустрэчы „забалтавалася” праблема. Плюс некаторыя асобы сядзелі там проста нахабна. Напрыклад, тыя ж прадстаўнікі „АйПауэр” з ноўтбукамі, размаўлялі па тэлефоне. Нам было забаронена, бо гэта такая арганізацыя, міністэрства, нібыта сакрэтная…

Паводле Аляксандра Кабанава, інфармацыя не сакрэтная. Зацікаўленая грамадскасць спадзяецца, што міністр не дазволіць ніякіх маніпуляцый з запісам. Людзі чакаюць.

Беларускае Радыё Рацыя