Лёс аднаўляных крыніц энергіі ў Беларусі пад пагрозай, лічаць эксперты
Сёлета ў Беларусі прыпыненая выдача квот на падключэнне аднаўляных крыніц энергіі (АКЭ), што з’яўляецца парушэннем заканадаўства, заявіў выканаўчы дырэктар асацыяцыі „Аднаўляная энергетыка” Уладзімір Нісцюк 19 снежня ў Менску на агульным сходзе арганізацыі.
Нісцюк паведаміў, што на 1 лістапада агульны аб’ём усталяванай магутнасці аднаўляных крыніц энергіі склаў прыблізна 400 МВт. У краіне дзейнічаюць 98 ветраўстановак, 12 з якіх уведзеныя ў эксплуатацыю ў пачатку гэтага года.
„Вядома, можна было б зрабіць яшчэ больш, калі б не давялося знаходзіцца ў пастаяннай канфрантацыі з Міністэрствам энергетыкі. Даводзіцца адстойваць інтарэсы ўладальнікаў аднаўляных крыніц энергіі і інвестараў. Сітуацыя, якая склалася ў нашай краіне ў апошнія тры гады: сёння лёс аднаўлянай энергетыкі ў Беларусі знаходзіцца пад прамой пагрозай”, — заявіў выканаўчы дырэктар асацыяцыі.
Нісцюк нагадаў, што закон „Аб аднаўляных крыніцах энергіі” у Беларусі пачаў дзейнічаць у 2011 годзе. Ён увёў павышальныя каэфіцыенты да тарыфаў на электраэнергію ад АКЭ, аднак прадугледжвае іх паступовае зніжэнне, каб да 2021 года кошт такой энергіі быў ніжэй на 25% за кошт энергіі, якая выпрацоўваецца традыцыйнымі крыніцамі. Паводле слоў эксперта, некаторыя члены асацыяцыі ўжо сёння гатовыя прадаваць электраэнергію па такой цане, аднак не могуць атрымаць доступ да сетак.
З 2015 года, згодна з указам прэзідэнта, спецыяльная камісія выдзяляе квоты на падключэнне АКЭ на прынцыпе аўкцыёну на паніжэнне тарыфу. Аднак у 2018 годзе вылучэнне квот спынілася. Гэтае рашэнне Нісцюк лічыць беспадстаўным, нягледзячы на тое што ў Мінэнерга яго тлумачаць падрыхтоўкай зменаў у заканадаўства.
„Без якіх-небудзь прававых падстаў прыпынілі вылучэнне квот на падключэнне АКЭ. Мне кажуць: камісія прыняла рашэнне на падставе пратакола прэзідыума Савета міністраў ад 22 мая 2018 года. Чытайце закон аб нарматыўна-прававых актах — ніякім прававым актам пратакол прэзідыума ўрада не з’яўляецца. А законы, указы і пастановы Саўміна дзейнічаюць”, — сказаў выканаўчы дырэктар асацыяцыі.
Нісцюк выказаў надзею на найхутчэйшае вырашэнне сітуацыі і падкрэсліў, што яна можа негатыўным чынам адбіцца на падрыхтоўцы краіны да стварэння адзінага рынку электраэнергіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе. „Як можна зрабіць адзіны рынак электраэнергіі ЕАЭС, калі няма ўнутранага рынку?” — адзначыў ён.
Прадстаўнік асацыяцыі звярнуў увагу, што ўласнікі АКЭ таксама сутыкаюцца з перашкодамі з боку ДВА „Белэнерга” пры выдачы тэхнічных умоў і абмежаваннямі на пастаўкі электраэнергіі.
belapan.by