Юрась Беленькі: Найперш – гэта барацьба за Курапаты



Адыходзячы 2018 год быў нялёгкім, – кажуць беларускія дэмакратычныя палітыкі, ацэньваючы вынікі працы за год.

Але зроблена ўсё ж нямала. Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі найперш звяртае ўвагу на супрацьстаянне вакол мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах:

– Найперш гэта была барацьба за Курапаты ў кантэксце ўсяго змагання за незалежнасць Беларусі. Бо мы гэта адчулі яшчэ ранней, калі нам двойчы забаранілі правесці „Ігуменскі шлях”. Мы адчувалі, што будзе цяжка правесці “Дзяды”. Папярэднія прэвентыўныя пагрозы ў наш адрас былі з боку ўладаў наконт устаноўкі крыжоў у Курапатах. Два папярэджанні было нам за правядзенне “Дзядоў” і ўгодкаў Слуцкага  збройнага чыну. Тым не менш, нам удалося правесці гэтыя мерапрыемствы вельмі годна. У пачатку года былі праведзены мерапрыемствы па святкаванні 100-годдзя БНР, мітынг, прысвечаны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Але самае галоўнае, што мы працавалі з людзьмі. Таму я ацэньваю год з асцярожным аптымізмам, бо самае галоўнае, што мы планавалі, мы зрабілі.

Старшыня партыі Зянон Пазьняк і яго работа па выданні кніг, публіцыстычныя працы, глыбокі аналіз палітычнай сітуацыі, – тое, што вельмі неабходна нашаму грамадству. І людзі не гатовыя часам успрымаць гэтую аналітыку, але жыццё паказвае, што і Зянон Пазьняк меў рацыю, і Сойм КХП-БНФ.  Тое, што апошнімі днямі прагучалі пагрозы з боку Расеі, імперскага кшталту, непрыхаваныя, і тое, што працягваецца агрэсіўнае дзеянне Расеі ва Украіне, пацвярджае, што намі была зроблена ацэнка яшчэ ў 90-я гады імперскасці і небяспекі з боку Расеі. Цяпер гэта ўсім відавочна.

Ігар Комлік, прадстаўнік прафсаюза РЭП па Менску і Менскай вобласці:

– Год завяршыўся дастаткова добра. Колькасць сябраў прафсаюза павялічылася, амаль 300 чалавек ў гэтым годзе прыбыло.  Выйграна каля 40 судовых паседжанняў. Людзям вернута вялікая колькасць грошай – больш за 100 тысяч беларускіх рублёў. Хоць ва ўлады было жаданне неяк перашкодзіць працы прафсаюза, пазбавіўшы старшыні і мяне адхіліўшы ад спраў, але зараз прынятае рашэнне, што Фядыніч з’яўляецца экспертам-кансультантам. Працягваецца праца ў рэгіёнах.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя