Нацбанк: Беларусы змогуць свабодна адкрываць рахункі за мяжой з 1 сакавіка 2019



Згодна з рашэннем Нацыянальнага банка Беларусі, фізічныя асобы з 1 сакавіка 2019 года змогуць свабодна, без атрымання дазволу, адкрываць наяўныя (разліковыя) рахункі ў замежных банках, паведаміў 20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.

Ён адзначыў, што валютную лібералізацыю прадугледжвае прынятае 19 снежня рашэнне Нацбанка, якое накіраванае на рэгістрацыю ў Мінюст.

У той жа час чыноўнік удакладніў, што пакуль насельніцтва зможа адкрываць за мяжой свабодна толькі рахункі, а для здзяйснення аперацый капітальнага характару (размяшчэнне дэпазітаў) па-ранейшаму будзе патрабавацца дазвол ад Нацбанка.

Пры гэтым намеснік старшыні праўлення банка удакладніў, што рэгулятар мае намер працягваць валютную лібералізацыю, і ўжо падрыхтаваны праект новай рэдакцыі закона „Аб валютным рэгуляванні”. „Прадугледжаны свабодны рух капіталу фізічнымі асобамі, свабоднае адкрыццё рахункаў за мяжой юрыдычнымі асобамі, адмова ад устанаўлення на заканадаўчым узроўні тэрмінаў рэпатрыяцыі валютнай выручкі экспарцёрамі”, — растлумачыў Калечыц.

„Мы спадзяемся, што да канца гэтай пяцігодкі ён (праект новай рэдакцыі закона „Аб валютным рэгуляванні”. — БелаПАН.) будзе паспяхова прыняты”, — сказаў Калечыц.

На думку экспертаў, у сувязі з даваннем з 1 сакавіка 2019 года права свабодна адкрываць рахункі за мяжой у насельніцтва з’явяцца новыя магчымасці.

„Даванне насельніцтву права свабодна адкрываць рахункі за мяжой — вялікі плюс для нашых грамадзян. Бо найбольш канкурэнтаздольная частка насельніцтва гатовая і хоча аказваць паслугі замежным кампаніям і зарабляць на гэтым грошы”, — адзначыла раней у інтэрв’ю БелаПАН партнёр адвакацкага бюро „Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры” Алена Сапега.

Паводле яе слоў, замежныя працадаўцы хочуць залічаць зарплату беларусам на карт-рахункі, адкрытыя па месцы рэгістрацыі кампаніі.

„Многія беларусы на сённяшні дзень выказваюць жаданне аказваць прафесійныя паслугі расійскім (і не толькі) кампаніям. Праблема сёння заключаецца ў тым, што нашы грамадзяне, якія хочуць дыстанцыйна працаваць, не маюць права свабодна адкрываць рахункі за мяжой для атрымання аплаты за сваю працу”, — растлумачыла Сапега.

Паводле слоў юрыстаў, тэарэтычная магчымасць атрымаць дазвол Нацбанка на адкрыццё разліковага рахунку за мяжой у фізічных асоб сёння існуе. „Калі ў фізічных асоб узнікае патрэба ў адкрыцці рахунку за мяжой, і яны звяртаюцца да нас па кансультацыю, мы тлумачым, што для гэтага неабходна атрымліваць дазвол Нацыянальнага банка”, — сказаў БелаПАН адвакат бюро „Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры” Аляксей Кароль.

Пры гэтым юрысты ў сваёй практыцы не памятаюць выпадкаў, калі фiзiчнай асобе ўдавалася б атрымаць дазвол Нацбанка на адкрыццё рахунку за мяжой. „Тых грамадзян, якія думаюць аб адкрыцці рахункаў за мяжой без атрымання дазволу, мы папярэджваем аб разнастайных прававых наступствах і прапануем ім ацэньваць рызыкі”, — адзначыў Кароль.

Згодна з заканадаўствам, за адкрыццё рахунку за мяжой без атрымання дазволу Нацбанка пагражае штраф да 50 базавых велічынь.

Аднак, як адзначаюць эксперты, галоўная праблема не ў гэтым. Юрыдычная практыка сведчыць, што, не маючы права адкрываць рахункі за мяжой, фізасобы ўтойваюць не толькі факт наяўнасці такіх рахункаў, але і грошы, якія на гэтыя рахункі паступаюць.

„Калі падатковая інспекцыя даведваецца пра наяўнасць такіх замежных рахункаў, фізасобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці не толькі за незаконнае адкрыццё замежнага рахунку, але і за нявыплату падаткаў з тых сродкаў, якія на замежныя рахункі паступалі”, — канстатавала Алена Сапега.

belapan.by