Расчараванне года



У 2018-м годзе адзначалася багата важных для беларусаў юбілейных дат. Сярод іх найбольш значная – 100-годдзе з моманту абвяшчэння БНР. Беларуская грамадскасць пачала рыхтавацца да гэтага свята яшчэ ў канцы 2017 года. Тады ўжо многія грамадскія арганізацыі планавалі актыўнасць з улікам важнасці падзеі. Дызайнеры распрацоўвалі лагатыпы, журналісты пісалі тэксты, медыя-актывісты займаліся папулярызацыяй даты ў сацыяльных сетках. Уся гэтая дзейнасць стварала ўражанне ўсеагульнага ўздыму, які мусіць мабілізаваць і аб’яднаць суайчыннікаў на грунце гонару за сваіх продкаў, якія дамагліся немагчымага – заявілі свету пра інтэнцыі беларускага народу на стварэнне ўласнай дзяржавы. Усе гэтыя высілкі, вядома, не былі дарэмнымі. Грамадскасць правяла ў Менску і рэгіёнах яркія святы, у якіх паўдзельнічалі дзясяткі тысяч чалавек. Але не адбылося галоўнага. Падзея, якая магла стаць перадумовай для збліжэння двух варагуючых лагераў (улады і апазіцыі), прайшла без падтрымкі беларускай дзяржавы.

У суседніх з намі краінах 100-годдзе з моманту абвяшчэння незалежнасці прайшло вельмі маштабна, пры ўдзеле кіраўнікоў дзяржаваў, міністраў, на самых лепшых пляцоўках у цэнтрах гарадоў. Гэтыя ўсе мерапрыемствы асвятляліся ўсімі СМІ. Пры ўдзеле нацыянальных армій і рэканструктараў прайшлі відовішчныя вайсковыя парады. У Беларусі ўсё абмежавалася выключна высілкамі неабыякавых грамадзянаў.

Былі, вядома, некаторыя саступкі з боку ўлады ў выглядзе экспазіцыі ў Нацыянальным гістарычным музеі, створанай рукамі энтузіястаў. Яшчэ быў дадзены дазвол на масавы канцэрт-мітынг на плошчы Парыжскай камуны ў Менску 25 сакавіка, а таксама прадастаўленыя пляцоўкі ў Берасці і Гародні. Але за ўсе гэтыя дробныя радасці грамадству давялося плаціць свае грошы, ладзіць краўдфандынгавыя кампаніі. У выніку, усё атрымалася на досыць прыстойным узроўні. Але без галоўнага ўдзельніка гэтага свята – без беларускай дзяржавы, якая засяродзілася на сумнеўных юбілеях 100-годдзя ленінскага камсамолу і 100-годдзя БССР.

Забарона на ўсталяванне шыльды ў гонар 100-годдзя БНР – асобная ганебная гісторыя. Нагадаем, атрымаўшы папярэдні дазвол наконт усталявання шыльды, за некалькі гадзін беларусы праз Інтэрнэт сабралі 7500 рублёў. Гэтай сумы хапіла, каб адліць у бронзе новую версію састарэлага арыгіналу дошкі 1993 года, вырабленай скульптарам Алесем Шатэрнікам. Але калі справа дайшла да ўсталявання шыльды, улады далі задні ход.

Чаму ж усё-такі ўлады Беларусі блакуюць стварэнне месцаў памяці, звязаных з дзеячамі БНР? Здавалася б, для ўмацавання сваёй улады і для ідэалагічнага абгрунтавання незалежнасці Беларусі няма лепшай падставы, чым абвясціць пераемнасць з дзеячамі эпохі БНР. Многія з айцоў-заснавальнікаў, дарэчы, прытрымліваліся левай ідэалогіі. Але праблема ў тым, што легітымізацыя палітычнага праекта БНР, які быў канкурэнтам бальшавіцкага БССР, азначае фактычна апеляцыю да канцэпцыі шматвекавой гісторыі беларускай дзяржаўнасці. А на такі крок цяперашнія эліты пайсці яшчэ не гатовыя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ