Замежнікам могуць дазволіць прылятаць па бязвізе праз Берасце і Гародню
Абмеркаванне арганізавала Пастаянная камісія па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы. За круглым сталом сабраліся парламентарыі, прадстаўнікі міністэрства спорту і турызму, выканаўчых органаў улады, дзелавых колаў, навуковай суполкі і грамадскіх арганізацый.
Старшыня Пастаяннай камісіі Людміла Макарына-Кібак адной з мэт сустрэчы назвала вызначэнне праблемных пытанняў у турыстычнай сферы, якія патрабуюць дадатковага прававога рэгулявання. «Гэта асабліва актуальна зараз у сувязі з мяркуемай карэкціроўкай закона Рэспублікі Беларусь «Аб турызме», — сказала яна.
Штуршком для больш актыўнага абмеркавання праблем у турыстычнай сферы стала і сітуацыя, якая здарылася ў сёлетні сезон з расейскай кампаніяй «Наталі Турс». У Беларусі прадалі каля 400 тураў, якія былі ануляваныя ў сувязі з неплацежаздольнасцю кампаніі. Профільныя міністэрствы Расіі і Беларусі працуюць над тым, каб вярнуць сродкі людзям, паведаміў на круглым стале намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной, аднак гэта складаны працэс.
Банкруцтва «Наталі Турс» стала нагодай для досыць гарачага абмеркавання пытанняў страхоўкі ад падобных абставін. Ці абавязваць страхаваць рызыку ўзаемаадносін турагента і тураператара з пастаўшчыкамі турыстычных паслуг (перавозка, размяшчэнне, харчаванне, экскурсіі і інш.)? Хто будзе несці расходы па страхаванні: турыст ці турыстычнае агенцтва? У гэтай сувязі ўзнікае неабходнасць размежавання адказнасці турагентаў і тураператараў. Турагенты прадаюць туры, якія ствараюць тураператары.
— Тураператар павінен мець магчымасць адказаць па сваіх абавязацельствах, турагент павінен быць кампетэнтны, турыст — абаронены, а нацыянальныя інтарэсы — размежаваны з замежнымі. Гэта асноўныя прынцыпы, якія павінны быць замацаваны ў заканадаўстве, — лічыць старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп ГУЛЫ.
Аднак не менш важная тэма для Беларусі — уязны турызм, асабліва напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ды і самы час падрыхтавацца да новага турыстычнага сезона.
Пакуль уязны турызм у нас развіты недастаткова, паведаміў Міхаіл Партной. «У сусветным рэйтынгу краіна займае 96-е месца па развіцці турыстычнага бізнесу сярод 186, — сказаў ён. — У асноўным да нас прыязджаюць з краін Балтыі, Расіі і Польшчы».
Па звестках Дзяржпагранкамітэта, за 9 месяцаў 2018 года ў Беларусі пабывала больш за 3,6 мільёна замежнікаў, гэта амаль на паўмільёна больш, чым за ўвесь мінулы год. Сярэдняя працягласць знаходжання арганізаваных турыстаў у краіне — каля чатырох дзён. Экспарт турыстычных паслуг за студзень — верасень сёлета склаў каля 171 мільёна долараў.
— Амаль 179 тысяч чалавек наведалі нашу краіну па бязвізавым рэжыме праз Нацыянальны аэрапорт Мінск, — дадаў Міхаіл Партной. — Бязвізавы рэжым робіць нашу краіну больш прывабнай для замежнікаў.
У Міністэрстве замежных спраў згодныя з такой высновай і спадзяюцца, што на працягу 2018—2019 гадоў будуць унесены змяненні ва Указ № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», якія дазволяць іншаземцам прылятаць у Беларусь па бязвізе праз аэрапорты Берасця і Гародні, а таксама праз Расію. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення, начальнік упраўлення аналізу, планавання візавай і тарыфнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Алякандр ГАНЕВІЧ.
Што датычыцца дазволу на ўезд па 30-дзённым бязвізе праз усе пункты пропуску, то да гэтага пытання магчыма вярнуцца толькі пасля таго, як запрацуе пагадненне па ўзаемным прызнанні віз з Расіяй. На сённяшні дзень парадак бязвізавага руху праз аэрапорт не распаўсюджваецца на іншаземцаў, якія прылятаюць у Беларусь авіярэйсамі з Расіі, а таксама на замежнікаў, якія плануюць вылецець з Беларусі ў расійскія аэрапорты. Бо гэтыя рэйсы лічацца ўнутранымі і пагранічны кантроль на іх не распаўсюджваецца.
— Праблема ў магчымасцях нашага Нацыянальнага аэрапорта, — растлумачыў Аляксандр Ганевіч. — Неабходна арганізаваць пункты пагранкантролю ў сектары, які працуе менавіта з рэйсамі з Расіі. Тады іншаземцы, якія знаходзяцца ў Расіі, змогуць да нас прылятаць і адлятаць па бязвізе абсалютна ў прававым полі.
На круглым стале таксама прапанавалі аб’яднаць бязвізавыя зоны Берасцейскага і Гарадзенскага рэгіёнаў. Тады турысты, якія прыехалі ў Гародню без візы, працягнуць свае падарожжа без перашкод і ў Берасці, і наадварот. А пакуль такой магчымасці няма.
Апроч іншага, у Палаце прадстаўнікоў узнімаліся праблемы даступнасці беларускіх гасцініц (кошт якіх часта нятанны пры даволі сціплых умовах пражывання), няветлівасці работнікаў турыстычнай сферы і недастаткова развітой турыстычнай інфраструктуры.
У сферы турызму і сапраўды ёсць над чым працаваць па ўсіх кірунках, але па-ранейшаму для дзяржавы прыярытэтным застаецца развіццё ўязнога і ўнутранага турызму, бо гэта тыя кірункі, якія прыносяць краіне грошы, рэзюмавалі ўдзельнікі круглага стала.
Фота sputnik.by