Cправу Горбача суд пакінуў амаль без зменаў



Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Васіль Скок два дні выносіў рашэнне па касацыйнай скарзе Аляксандра Горбача, якога 20-га лістапада прысудзілі ў Гародні да штрафу ў 735 рублёў (30 б.в) за перапосты ў сацсетцы “ВКонтакте” абрэвіятур і здымкаў антыфашысцкага зместу. Суддзя пакінуў рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Гародні амаль без зменаў.

Пра вынік касацыйнага разгляду распавядае Аляксандр Горбач:

– Першапачаткова не было ніякай надзеі на тое, што ў гэтай установе будуць нейкія змены. Суддзя здаецца слухаў і ўнікаў у сутнасць усяго. Доўга-доўга мы чакалі пакуль ён раіўся каля гадзіны. Пасля ўсю гэту справу перанеслі. Логіка развіцця падзей падказвала, што магчыма будуць нейкія змены. Абмежаваліся фармальнай зменай, што прыбралі з пастановы абвінавачанне ў размяшчэнні абрэвіятуры „СЛОН”, а ўсё астатняе пакінулі без зменаў.

На думку праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча, справа паказвае абсурднасць сістэмы:

– Улады імкнуцца ўзяць пад кантроль кожнага чалавека. Сацсеткі – зараз ідзе адсочванне, так званыя органы правапарадку замест таго, каб адсочваць нейкія сапраўды небяспечныя з’явы, займаюцца адсочваннем асабістых сацсетак грамадскіх актывістаў у розных плынях, як структураванай апазіцыі, так і нейкіх незалежніцкіх моладзевых рухаў, якія мысляць не так, як хоча дзяржава. Таму і ўзнікаюць гэтыя абсурдныя справы.

Аляксандр Горбач вырашыў паказаць абсурднасць абвінавачання, таму будзе абскарджваць пастанову гарадзенскіх судоў у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, а потым дашле зварот у Камітэт па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня