Анатоль Сахаруша: Рана ці позна прыйдзецца адказваць



Чыноўнікі Бярозаўскага райвыканкама даслалі разнарадку па розных установах, дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах на выпіску дзяржаўных газет, каб узнавіць іх тыраж. Да гэтых газет аднесены “Савецкая Беларусія”, Звязда”, “Зара”, “Маяк” і іншыя. 

Па словах сябра партыі БНФ, грамадскага актывіста з Малеча Анатоля Сахарушы, у гэтым нічога новага,  даўняя практыка, якая сведчыць аб нязменнасці цяперашняй улады, кажа Анатоль Сахаруша:

– Жонка ўсё жыццё адпрацавала ў медыцыне, то я гэта ведаю. Дочкі – у сістэме адукацыі, таксама ведаю, як яны там “дабравольна-прынудзіцельна” выпісваюць гэтыя газеты.

Людзі, прыціснутыя кантрактамі, вымушаны выпісваць. Але гэта ёсць прамое парушэнне правоў чалавека. Тыя чыноўнікі, якія ўдзельнічаюць у ціску на людзей, панясуць пакаранне ў будучым, упэўнены спадар Сахаруша:

– Рана ці позна прыйдзецца адказваць. Калі гэта ўсё зменіцца, а яно зменіцца непазбежна, адпрацаваў 20 гадоў у дзяржаўных структурах, толькі займаўся, каб душыць гэтых людзей – дык 20 гэтых гадоў выкінуць са стажа.

Каб атрымлівалі пенсію, як шэраговыя грамадзяне зараз, а можа, і меней, і няхай жывуць. Паводле Анатоля Сахарушы, патрэбна ўсе факты парушэння правоў чалавека фіксаваць, каб цяперашнія прыслужнікі рэжыму  пры судным часе не адседзеліся.

Беларускае Радыё Рацыя