Роўмінг паміж Беларуссю і РФ адменяць?
Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расеі запатрабаваў ад профільных міністраў дзвюх краін выканання даручэння аб адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Дыскусія па гэтым пытанні адбылася сёння ў Маскве на 55-й сесіі Парламенцкага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На „ўрадавую гадзіну” на сесію былі запрошаны міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган і міністр лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расеі Канстанцін Наскоў.
Першы намеснік старшыні Парламенцкага сходу, спікер Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што прэзідэнтамі Беларусі і Расеі была пастаўлена задача аб адмене роўмінгу пры карыстанні мабільнай сувяззю на тэрыторыі дзвюх краін. „Мы хочам пачуць не тлумачэнне, што там трафік дарагі, а што вы зробіце, каб выканаць даручэнне прэзідэнтаў”, – сказаў Уладзімір Андрэйчанка, звяртаючыся да профільных міністраў.
Старшыня Парламенцкага сходу, спікер Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін у сваю чаргу канстатаваў, што з моманту даручэння прэзідэнтаў прайшло паўтара года. „Калі няма магчымасці яго выканаць, трэба напісаць дакладную запіску і абгрунтаваць адмену або перанос даручэння. Але гэтага не зроблена. Таму пакуль даручэнне ёсць – яго ніхто не адмяняў, яго трэба выконваць”, – заявіў Вячаслаў Валодзін.
Выступаючы перад парламентарыямі, міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган заўважыў, што адмена роўмінгу – пытанне даволі складанае. „Але ўлічваючы сацыяльную значнасць пытання, кіраўнікі ведамстваў не павінны ісці на повадзе ў сотавых аператараў”, – сказаў ён.
У той жа час Канстанцін Шульган падкрэсліў, што адмена роўмінгу не азначае, што званкі будуць цалкам бясплатныя. На яго думку, неабходна перш за ўсё гарманізацыя цэн на паслугі сувязі ў дзвюх краінах. „Інакш з’явяцца перадумовы для ўзнікнення шэрага трафіка”, – папярэдзіў ён.
Міністр лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Канстанцін Наскоў растлумачыў: асноўная праблема звязана з тым, што сотавыя аператары Расеі не маюць прамых стыкаў з сотавымі аператарамі Беларусі. Пры гэтым стаўкі на трафік у беларускіх аператараў – адны з самых высокіх у свеце.
Канстанцін Наскоў таксама паведаміў, што профільныя ведамствы дзвюх краін распрацавалі дарожную карту па гэтым пытанні, якую плануецца канчаткова ўзгадніць і падпісаць у студзені будучага года. Гэты план прадугледжвае, што ўжо ў лютым могуць быць устаноўлены ў Беларусі і Расеі сіметрычныя стаўкі на паслугі па пропуску трафіка. Такая мера, паводле слоў расійскага міністра, ужо ў маі будучага года павінна прывесці да зніжэння тарыфаў для канечных карыстальнікаў. „А да сярэдзіны года мы спадзяёмся прыйсці да адмены платы за ўваходныя вызавы ў гасцявога аператара”, – сказаў ён.
Пасля бурнай дыскусіі парламентарыі вырашылі накіраваць у Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы даручэнне з тым, каб у першым квартале будучага года Парламенцкі сход быў інфармаваны аб выкананні даручэння прэзідэнтаў дзвюх краін. „Пытанне абмеркаванню не падлягае, яго трэба выконваць”, – рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.