Пад Менскам ушанавалі Вінцэнта Гадлеўскага



У дзень забойства айца Вінцэнта Гадлеўскага, вядомага беларускага палітычнага, грамадскага і рэлігійнага дзеяча, лідара антынацысцкага супраціву, 24 снежня Рух Салідарнасці „Разам” ушанаваў яго памяць.

Рух Салідарнасці “Разам” ужо больш 10 гадоў ладзіць акцыі памяці вялікага сына беларускага народа каля Крыжа, які быў усталяваны ў 2008 годзе ва ўрочышчы Благоўшчына, што пад Менскам, на месцы яго расстрэлу нацыстамі. Але сённяшнія ўлады пазбавілі святара нават права пакоіцца пад крыжом. Крыж знеслі. Таму, па старой беларускай традыцыі, малітва і ўшанаванне памяці святара адбываліся каля крыжа, прымацаванага на дрэве, што захавалася на тым самым месцы.

Пасля малітвы аб спачыне душы, якую чытаў святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы а. Вікенцій, прагучалі словы пашаны і падзякі за самаахвярнае служэнне беларускаму народу.

Мікола Бамбіза распавёў пра жыццё і гераічны чын айца Вінцэнта Гадлеўскага, адзначыўшы яго ролю як ідэолага беларускага нацыянальнага руху.

Алена Талстая, сустаршыня Руха Салідарнасці „Разам”, падзякавала прысутных за захаванне і ўшанаванне памяці вялікага беларускага нацыянальнага дзеяча і выказала спадзяванне, што Крыж будзе адноўлены, і да яго будуць заўжды прыходзіць беларусы.

Пасля хвіліны маўчання прагучаў беларускі нацыянальны гімн „Магутны Божа” і тройчы – вокліч „Жыве Беларусь!”

Прэс-служба Руха Салідарнасці „Разам”