Выстаўлена абвінавачванне па справе выбуху на Скідальскім цукровым заводзе
Завершана расследаванне крымінальнай справы па факце выбуху на Скідальскім цукровым заводзе, паведамляе Следчы камітэт.
Паводле дадзеных следства, у выніку здарэння, якое забрала жыцці чатырох чалавек, прадпрыемству таксама нанесена маёмасная шкода на суму большую за 500 тысяч рублёў.
З улікам аналізу сабраных фактычных дадзеных следчымі выстаўленыя абвінавачанні ў службовай халатнасці галоўнаму інжынеру камбіната, начальніку цэха гатовай прадукцыі і яго намесніку.
25 лютага 2017 года каля гадзіны ночы падчас транспарціроўкі цукру-пяску па галерэі, якая злучае склад ёмістасцю 15 тысяч тон і галоўны вытворчы корпус прадпрыемствы, адбыўся выбух завіслага ў паветры цукровага пылу.
У выніку здарэння пяць работніц прадпрыемства з апёкамі рознай ступені цяжкасці былі шпіталізаваныя. Чатыры з іх памерлі ў сакавіку 2017 года. Яшчэ адной жанчыне прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, яна доўгі час знаходзілася на лячэнні ва ўстанове аховы здароўя і страціла працаздольнасць.
Паводле дадзеных следства, у ходзе транспарціроўкі цукру-пяску ў памяшканнях камбіната ўтвараўся цукровы пыл у высокай канцэнтрацыі, пры гэтым транспартная сістэма ў месцах перасыпання прадукцыі не была належным чынам закрытая. У выніку пыл змешваўся ў завіслым стане з паветрам, назапашваўся на абсталяванні, будаўнічых канструкцыях, паветраводах, падлозе, прадметах і абстаноўцы.
Аспірацыйная прылада, якая выкарыстоўваецца ў цэху гатовай прадукцыі з 2013 года, прызначаная для выдалення пылу, эксплуатавалася неналежным чынам і не забяспечвала яго эфектыўнае выдаленне. Уборка пылу праводзілася нерэгулярна, несвоечасова і не ў поўным аб’ёме.
„Пра выкладзеныя вышэй акалічнасці, якія абумовілі грамадска небяспечныя наступствы, службовыя асобы камбіната былі дакладна праінфармаваныя ў ходзе выканання сваіх службовых абавязкаў. Ім паступалі скаргі на ўмовы працы з боку работнікаў, што пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы”, — адзначаецца ў паведамленні.
На службовых асоб — галоўнага інжынера, начальніка цэха гатовай прадукцыі і яго намесніка — былі ўскладзеныя службовыя абавязкі па забеспячэнні супрацьпажарнай бяспекі; па арганізацыі, каардынацыі, аператыўным рэгуляванні, праверцы эфектыўнасці і кантролі за станам аховы працы ў цэху, выкананні належных умоў працы падначаленых работнiкаў; па правільнай эксплуатацыі абсталявання, будынкаў (памяшканняў), збудаванняў, прыстасаванняў, утрыманні іх у адпаведнасці з устаноўленымі патрабаваннямі; па забеспячэнні вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны; па забеспячэнні належнага санітарнага стану ў цэху.
Гэтыя абавязкі, паводле версіі следства, выкананы абвінавачванымі па крымінальнай справе неналежным чынам.
У ходзе расследавання былі дапытаныя больш за 200 чалавек.
Для ўстанаўлення прычыны выбуху праведзена комплексная камісійная судовая экспертыза: выбуховатэхнічная, будаўнічая, тэхнічная, тэхналагічная. Згодна з яе заключэннем, прычынай выбуху з’явілася паступленне з абсталявання цукровага пылу, утварэнне аэразолю (гэта значыць завіслага ў паветры цукровага пылу) у выбухованебяспечнай канцэнтрацыі і яго наступнае ўзгаранне ад крыніцы запальвання, найбольш верагодна, якая ўзнікла ў выніку працы электратэхнічнага абсталявання, або разраду статычнай электрычнасці.
Па запыце беларускіх следчых на прадпрыемства прыбывалі прадстаўнікі кампаніі — пастаўшчыка абсталявання з Польшчы, якая ў тым ліку праводзіла пуска-наладачныя работы ў цэху гатовай прадукцыі.
Акрамя таго, у рамках выканання просьбаў аб аказанні прававой дапамогі, праведзены следчыя дзеянні на тэрыторыі Польшчы і Германіі з удзелам беларускіх следчых.
Таксама ў ходзе расследавання вывучаліся ўмовы эксплуатацыі і стан абсталявання, аналагічнага устаноўленаму ў Скідалі, на іншых прадпрыемствах цукровай прамысловасці Беларусі.
Па ініцыятыве следчых кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі праведзена пазапланавая праверка выканання на камбінаце патрабаванняў пажарнай бяспекі і патрабаванняў у галіне абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый тэхнагеннага характару.
Следчым камітэтам таксама накіраваны прадстаўленні аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню злачынства, у адрас канцэрна „Белдзяржхарчпрам” і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Фота grodno.mchs.gov.by