Узнагароджанне медалём да 100-годдзя БНР



Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае пра ўзнагароджанне Медалём да стагоддзя БНР. Адпаведны дэкрэт падпісаны Старшынёю Рады БНР.

Згодна са сваім статутам, Медаль уручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Медаль уручаецца:

– Асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі,

– Выбітным грамадзкім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа,

– Замежнікам, якія спрычыніліся да даследаванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Сярод узнагароджаных – першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан; палітыкі і грамадзкія дзеячы; ветэраны беларускага незалежніцкага руху і палітычныя вязні; даследчыкі Джым Дынглі, Арнольд Макмілін, Адам Мальдзіс; акадэмік Радзім Гарэцкі; пісьменьнік Уладзімір Арлоў; стваральнікі эталону дзяржаўнага гербу “Пагоня” Аляксей Марачкін і Леў Талбузін; і многія іншыя.

Агулам узнагароджаныя больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа.

Уручэнне ўзнагародаў адбудзецца на працягу 2019 года.

radabnr.org