Багатырэвічы – помнік літаратурным героям Ажэшкі



Мясцовасць Багатырэвічы, што ў Мастоўскім раёне, вядомая помнікам літаратурным героям пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Сюды, на бераг Нёману, любяць прыязджаць шматлікія турыстычныя групы. Іншая назва гэтая мясцовасці, якая адміністрацыйна прыналежыць да Глядавіцкага сельсавету, – Самастрэльнікі.

Помнік, які там усталяваны – гэта сімвалічныя магілы Яна і Цэцыліі, апісаныя Элізай Ажэшкай у творы “Над Нёманам”, на магілах – камяні з напісамі і драўляная скульптура. Побач нядаўна ўсталявана драўляная лавачка. Пастаўлены таксама інфармацыйны знак з тэкстамі па-беларуску і па-польску.

Драўляныя сходы вядуць да Нёману і да яшчэ адной лакальнай адметнасці. Тут знаходзіцца геалагічны помнік прыроды – агаленьне “Самастрэльнікі” з вялікай колькасьцю рэшткаў выкапнёвай флоры – больш 1000 відаў. Усталяваны адпаведны знак.

Зараз Нёман так разліўся, што спусціцца ўніз і падысці да асноўнага рэчышча ракі і знаку немагчыма.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя