Актывістку з Бярозы не пусцілі на сесію раённага Савета дэпутатаў
Сябру Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), удзельніцу кампаніі “За наш горад” Таццяну Тарасевіч з Бярозы не пусцілі на сесію раённага Савета дэпутатаў.
Перагарадзіў ёй шлях на падыходзе да месца пасяджэння начальнік ідэалагічнага аддзела Бярозаўскага райвыканкама Аляксандр Крагель з іншай службовай асобай з гэтага ж ведамства, кажа Таццяна Тарасевіч:
– Я нават не паспела падыйсці да століка, дзе рэгістраваліся дэпутаты, як пачула, што не маю права.
Праваабаронца “Вясны” Сяржук Русецкі лічыць, што чыноўнікі райвыканкама парушылі закон “Аб мясцовым самакіраванні”:
– Закон “Аб мясцовым самакіраванні” гаворыць пра тое, што сесіі павінны праходзіць адкрыта і галосна. Але дэпутаты і чыноўнікі райвыканкама разумеюць гэта адвольна.
Чыноўнікі паабяцалі Таццяне Тарасевіч даць пісьмовы адказ, каб кіраўнікі кампаніі “За наш горад” маглі звярнуцца ў суд ці пракуратуру.
Дарэчы, у Лунінцы сябра кампаніі “За наш горад” таксама не пусцілі на сесію раённага савета дэпутатаў, якая разглядала бюджэт на будучы год.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя