Шэнгенскіх візаў «на закупы» больш не будзе (абноўлена)
З 2-га студзеня дыпламатычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Польшча спыняюць выдачу віз „на закупы”. Прычыны, па якіх Міністэрства замежных спраў Польшчы вырашыла прыпыніць выдачу віз тыпу С, пакуль не паведамляюцца. Поўнай інфармацыяй не ведаюць пакуль і ў польскім візавым цэнтры ў Гародні.
– Так, візы па пакупкі адмяняюцца. Будзе якісьці іншы тып візы. Пасля 2-га студзеня з’явіцца дакладная інфармацыя, таму што зараз няма на месцы консула, і таму пакуль нічога дакладна невядома.
Віза тыпу „на закупы” была самай папулярнай у беларуска-польскім памежжы. Яна давала права на неаднаразовае наведванне краін Шэнгена. Часцей за ўсё яна выдавалася на 1-2 года.
– Зразумела, трэба цяпер выбіраць іншы тып візы, не па пакупкі. Хто атрымаў такія візы, зразумела, могуць па іх ездзіць. А тыя, хто яшчэ толькі запісаныя, то трэба выбіраць нейкі іншы накірунак – дзелавы, культурны, спартовы… То бок ёсць іншыя тыпы віз, таму гэта не такая ўжо сур’ёзная праблема. Хаця некаторыя пытанні, канешне, узнікнуць.
Для атрымання візы «на закупы» неабходна было мець сталае месца працы і адпаведную даведку аб зарплаце, кароткатэрміновую візу ў пашпарце на такія ж мэты і, самае галоўнае, прынесці ў консульства як мага больш дакументаў Tax Free з польскіх крамаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
З 2 студзеня дыпламатычныя прадстаўніцтвы Рэспублікі Польшча спыняюць выдачу віз «на закупы».
Інфармацыю пра гэта пацвердзілі ў польскім візавым цэнтры. Віза тыпу С пад лічбавым кодам VIS23 была самай папулярнай на Берасцейшчыне сярод іншых, якія даюць права на неаднаразовае наведванне краін Шэнгена.
Часцей за ўсё яна выдавалася на 1-2 года. Для яе атрымання неабходна было мець пастаяннае месца працы і адпаведную даведку аб зарплаце, кароткатэрміновую візу ў пашпарце на такія ж мэты і, самае галоўнае, прынесці ў консульства як мага больш дакументаў Tax Free з польскіх крамаў. Прычыны, па якіх МЗС Польшчы вырашыў прыпыніць выдачу візаў тыпу С, пакуль не паведамляюцца.