Спіс акцыйных напрамкаў „Белавія” папоўнілі Астана, Алматы, Прага, Піцер
Авіякампанія „Белавія” вызначыла чарговыя чатыры напрамкі, на якія распаўсюджваюцца эксперыментальныя тарыфы.
З 27 снежня спіс акцыйных напрамкаў папоўнілі авіярэйсы ў Астану, Алматы, Прагу і Санкт-Пецярбург. Кошт білетаў у адзін бок складзе 10 еўра плюс таксы і зборы, туды-назад – 20 еўра плюс таксы і зборы.
Час рэалізацыі білетаў – 27 снежня з 9.00 да 23.59 па менскім часе. Перыяд падарожжа: з 28 снежня 2018 года па 27 студзеня 2019 года (дата вяртання па другім купоне).
Білеты прадаюцца толькі на сайце belavia.by і з’яўляюцца незваротнымі, нагадваюць у авіякампаніі. Акцыя дзейнічае пры куплі білетаў як з Менска, так і ў Менск. Змяненні часу і даты вылету забаронены.
Выкарыстанне білета абавязкова ў адпаведнасці з чарговасцю маршруту, пачынаючы з першага аэрапорта адпраўлення, пазначанага ў білеце. Пры невыкарыстанні білета на адным з участкаў месцы анулююцца па ўсім далейшым маршруце, пасажыр не будзе прымацца да перавозкі на ўсіх наступных участках маршруту. У гэтым выпадку выплачаная сума, уключаючы таксы і зборы, пасажыру вяртацца не будзе.
„Белавія” ў рамках дзеючага 30-дзённага бязвізавага рэжыму ўвяла з 2 лістапада эксперыментальныя тарыфы па большасці напрамкаў рэгулярнай сеткі маршрутаў авіякампаніі да канца зімовага раскладу. Кошт авіябілетаў па некаторых напрамках зніжаны да 75 працэнтаў.