Незалежныя журналісты Ляўчук і Харытонава зноў аштрафаваныя
Чарговымі буйнымі штрафамі пакараныя берасцейскія журналісты-фрылансары Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава.
Суд Ленінскага раёна Берасця (суддзя Святаслаў Каліна) 21 снежня аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў) Леўчука і на 30 (735) — Харытонаву. Пра гэта журналісты даведаліся толькі 28 снежня. Яны не ўдзельнічаюць у судовых пасяджэннях, бо не бачаць у гэтым сэнсу і лічаць справы супраць сябе палітычна матываванымі.
30 кастрычніка журналістаў судзілі на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КоАП — праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Харытонаву і Леўчука абвінавацілі ў вырабе сюжэту для тэлеканала „Белсат”, у якім гаварылася аб парушэннях закона падчас суда над праціўнікамі акумулятарнага завода. У выніку суд Ленінскага раёна (суддзя Алена Карпава) аштрафаваў Леўчука на 50 базавых велічынь, Харытонаву — на 30. Як сцвярджаюць журналісты, міліцыя сфабрыкавала матэрыялы справы, а падчас працэсу супрацоўнікі міліцыі, якія ігралі ролю сведак, не выйшлі з залы суда, чым зноў парушылі закон. 6 снежня суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько адмяніла рашэнне суда Ленінскага раёна Брэста ў адносінах да Леўчука і Харытонавай і адправіла справу на новы разгляд. У выніку раённы суд зноў аштрафаваў журналістаў.
„Супраць мяне гэтая схема ўжо ўжывалася сёлета вясной. Тая ж Сянько адмяніла рашэнне суда першай інстанцыі, але пасля паўторнага разгляду я зноў атрымаў штраф, і ўжо паўторнае аспрэчванне ў абласным судзе не мела ніякага сэнсу”, — заявіў БелаПАН Ляўчук.
Таксама журналісты даведаліся, што 19 снежня ў дачыненні да іх адбыўся яшчэ адзін адміністрацыйны працэс у тым жа раённым судзе, але суддзя Дзмітрый Шурын спыніў справу ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.
Усяго Леўчука і Харытонаву судзілі сёлета сем разоў, іх агульны штраф склаў 10.625 рублёў. 28 снежня журналісты атрымалі позвы ў суд на 9 студзеня 2019 года, Ляўчук і Харытонава пакуль не ведаюць, за што іх зноў будуць судзіць.
Фота spring96.org