Юрый Стыльскі: Бел-чырвона-белая сімволіка ў нас у крыві
„Дай дарогу – Навагодні канцэрт” – музычная вечарына пад такой назвай адбылася ў берасцейскім паб-клубе „COYOTE”. На ёй гурт „Дай дарогу” выступіў у так званым „олдскульным складзе”. Музыкі выканалі свае кампазіцыі, жартавалі і гаманілі з публікай.
Пасля канцэрта лідар каманды Юрый Стыльскі падсумаваў вынікі года і падзяліўся планамі:
– Дасканаласці няма межаў, ёсць над чым працаваць, ёсць да чаго імкнуцца, ёсць чаго дабівацца. Таму трэба працаваць, я спадзяюся мы закумулюем сілы і зробім гэты год прарыўным, праб’ем кардон андэграўнда.
Юрый Стыльскі ўжо не раз з’яўляўся перад публікай у футболцы з прынтам „Тактычнай групы Беларусь”. На ёй, акрамя іншага, ёсць і выява бел-чырвона-белага сцяга:
– Гэта мая пазіцыя, мне падабаецца бел-чырвона-белая сімволіка, гэта ў нас у крыві. Я ў гэтым варыўся, я не новаспечаны, які ў 1990-х нарадзіўся, а дакладней у 2000-х, якія ўвогуле не „вараць” у гэтай тэме. Мы пад гэтым сцягам і пад гэтым вершнікам гралі канцэрты. Я памятаю гэты час, гэта наша роднае.
Напрыканцы жніўня ў тэлеверсіі канцэрта „Рок за баброў”, тэлеканал АНТ зарэтушаваў бел-чырвона-белы сцяг з прынтом „Тактычнай групы Беларусь” на футболцы Юрыя Стыльскага. На гэта звярнуў увагу дырэктар арт-сядзібы Павел Белавус і зрабіў адпаведны скрыншот.
Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы прома-суполкі „Зала чакання”.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце